Дэкада беларускай мовы і талерантнасці пад агульнай назвай “Мова краіны маёй” доўжылася з 16 па 26 лютага. Далучыліся да святочнай дзесяцідзёнкі і мы, навучэнцы, педагогі і бацькі Новадзявяткавіцкай СШ.

Адкрыццё дэкады пачалося акцыяй “#Я люблю мову краіны маёй!”. Інфармацыйная прастора фае і вучэбных кабінетаў запрашала прыняць актыўны ўдзел у святкаванні. У гэты ж дзень узнагароды знайшлі сваіх пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Буслік – 2021”, а ўжо назаўтра 28 навучэнцаў прынялі ўдзел у “Бусліку – 2022”. Усім жа астатнім праз кадраплан была прадастаўлена магчымасць паназіраць за інцэніроўкай апавядання З.Бядулі “На Каляды к сыну”, падрыхтаваная вучнямі 7 класа. Калейдаскоп мерапрыемстваў на любы густ закружыў удзельнікаў адукацыйнага працэсу: “Загадкавая літара А” прапанавала разгадаць, каму прысвечана кніжная выстава (аказалася, пісьменнікам-юбілярам 2022 года); аматары вышыўкі прапанавалі вырабы ручной работы – беларускамоўныя закладкі; крыжаванка-вышыванка дазволіла вучням паспрабаваць свае сілы ў выставе “Мастацтва беларускага арнаменту ва ўласнай інтэрпрэтацыі”; удзел у напісанні Гродзенскага абласнога дыктанта, рухальныя беларускамоўныя перапынкі прынеслі карысць не толькі фізічную, але і інтэлектуальную. Асабліва запамінальнай для дзяцей стала прыгодніцкая гульня-квэст “Беларуская скарбонка”. Асобную нішу ўражанняў заняло наведванне Слонімскага драматычнага тэатра, а менавіта пастаноўкі спектакля “Белы ліст”. Удзельнікі і пераможцы дэкады ўжо атрымалі свае заахвочвальныя “мовікі” і “літусы”, а наперадзе – шэраг іншых мерапрыемстваў, якія абавязкова стануць і запамінальнымі, і карыснымі.

Вольга Блізнюк, настаўнік
беларускай мовы і літаратуры
Новадзявяткавіцкай СШ

Поделиться
Перейти к содержимому