У 2018 годзе выйшла ў свет новая кніга нашага земляка Аляксея Якімовіча, якая называецца “Мой сябар Дон Кіхот”. Гэта выданне ў цвёрдай вокладцы, у склад яго ўвайшлі тры аповесці: “Мой сябар Дон Кіхот”, “Здраднік” і “Эльдарада просіць дапамогі”. Дарэчы, апошняя аповесць уключана ў школьную праграму.
– Аляксей Мікалаевіч, Вы вядомы дзіцячы пісьменнік, аўтар многіх прыгодніцкіх аповесцей, а таксама вучэбных дадаткаў. Адкуль у Вас гэткая прага да пісьменства?
– Я з дзіцячых гадоў верыў у тое, што стану вядомым пісьменнікам. Хадзіў у Парэцкую вясковую бібліятэку, часта браў у рукі кнігі замежных класікаў, гэта былі цудоўныя, вялікія кнігі, верыў, што аднойчы і ў мяне будзе такая прыгожая кніга. У мінулым годзе мая мара здейснілася. У мяне выдадзена шмат кніг пад рознымі вокладкамі: мяккімі, картоннымі, але гэтая кніга – меневіта такая, аб якой я марыў.
– Але можна сабраць яшчэ больш аповесцей і выдаць большую кнігу.
– Так. Я зараз думаю аб тым, каб выдаць некалькі тамоў, зборнік маіх твораў. І мне прыемна, што я ўжо ў нейкай меры параўняўся з тымі, каму зайздросціў у дзяцінстве.
– Аляксей Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, крышку аб Вашай кнізе.
– Кніга складаецца з трох аповесцей, якія разлічаны на дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, падлеткаў і дарослых. Яна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” па заказу Міністэрства інфармацыі.
Аповесць “Здраднік” расказвае пра падзеі, якія адбываліся ў сямнаццатым стагоддзі. Месца дзеяння – Беларусь. Трагічныя падзеі, калі рушылася беларуская дзяржаўнасць, паказаны на прыкладзе сем‘яў Станішэўскіх і Краўцоў. Перапляліся, непадзельна звязаны лёсы дарослых і дзяцей. Дзеці Паўлюка Краўца Петрык і Мар‘яна сябруюць з дачкой Вацлава Станішэўскага Янінай. Але Вацлаў Станішэўскі перашкаджае гэтаму, імкнецца звесці са свету беларускую сям‘ю Краўцоў.
“Мой сябар Дон Кіхот” – гэта аповесць пра сучасных падлеткаў. З чым мы сустракаемся ў жыцці і без чаго не можам абысціся? Без сяброўства, цеплыні і дабрыні, чуласці і смеласці, чалавечай спагадлівасці, узаемавыручкі і мудрасці. Хто загляне ў кнігу і прачытае яе, той, безумоўна, пазнае гэтыя вялікія якасці, навучыцца ім.
Сябры-шасцікласнікі даведваюцца пра тое, што каля іх вёскі з’явіліся дзіўныя прышэльцы, знаходзяць на рэчцы прыбітую да берага бутэльку з запіскай – крык аб дапамозе: “Людзі, дапамажыце нам! Вас просяць жыхары Эльдарада…”. Ці маглі дзеці застацца безуважнымі да чужой бяды? Аб гэтым вы даведаецеся з аповесці “Эльдара просіць дапамогі”.
– Гэтыя аповесці напісаны спецыяльна для выдання ў адной кнізе, ці Вы пісалі іх у розныя гады?
– Сапраўды, усе гэтыя творы напісаны ў розныя гады. Напрыклад, “Мой сябар Дон Кіхот” створаны даволі даўно, я нават ужо і не памятаю ў якім годзе. Таму для выдання мне прыйшлося аповесць дапрацоўваць, каб яна адпавядала сучаснай рэчаіснасці. Калісьці яна была надрукавана ў часопісе “Маладосць”.
Аповесць “Здраднікі” пабачыла свет упершыню, раней яна нідзе не друкавалася. На думку аднаго з рэдактараў вядомага часопіса, па гэтай аповесці можна вывучаць гісторыю нашай краіны 17 стагоддзя. У ёй паказаны няпросты час, калі Беларусь далучалі да Рэчы Паспалітай. У ёй паказана такая дваістасць беларусаў. Адныя былі за тое, каб увайсці ў склад Польшчы, другія былі катэгарычна супраць. У Максіма Гарэцкая ёсць твор аб гэтым, па ім нават пастаўлены спектакаль “Дзве душы”. І я згодны з нашым класікам у гэтым.
З аднаго боку беларусы могуць быць такімі талерантнымі і добразычлівымі, а з другога – быць жорсткімі і страшнымі ў сваёй непакорнасці.
Аповесць “Эльдарада просіць дапамогі” перавыдавалася ўжо некалькі гадоў, яна ўключана ў школьную праграму пазакласнага чытання. У выдавецтве мне самі прапанавалі яе ўключыць у склад новай кнігі, бо на гэты твор ёсць запыты ад бібліятэк.
– Гэтая кніга спадабаецца толькі школьнікам?
– Я думаю, што школьнікам яна спадабаецца абавязкова, аднак нават дарослыя знойдуць у гэтай кнізе шмат цікавага і пазнавальнага.
Калісьці ў маладым узросце я хацеў напісаць шэраг прыгодніцкіх і гістарычных кніг для дзяцей. Браць за аснову нейкія факты і прыдумваць, што магло быць у той ці іншы час. Напісаць пра кожнае стагоддзе па адной кнізе. Пачаў з 14 стагоддзя і напісаў “Пастку для пярэваратня”. За аснову ўзяў набегі крыжакоў на тэрыторыю нашай краіны. На тэму 15 стагоддзя выдадзена кніга пад назвай “Выпрабаванне”, цяпер я даю ёй іншую назву – “Ішло лета 1461-е” – пра набегі крымскіх татар, якія бралі ў палон нашых людзей. “Калі кукавала зязюля” і “Панскае дзіця” – пра няпростыя адносіны з Руссю ў 16 стагоддзі. “Здраднік” пра адносіны з Польшчай у 17 стагоддзі. Мару аб тым, каб калісьці аб’яднаць іх усе ў двухтомнік. Я хацеў бы, каб дзеці, падлеткі і дарослыя чыталі гэтыя аповесці і бачылі, што ў нас была свая дзяржава, свая культура, свой этнас, свая гісторыя, свая мова і дабрабыт…
Алена ЛЫНЬКО