Праведзеная міжнародная акцыя, якая прысвечана 75-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, зноў і зноў кранае сэрцы і пачуцці беларусаў. Нам ніколі не забыцца пра жудасы той крывавай вайны.
Наш край называлі “партызанскай зонай”, бо большасць вёсак нашага Новадзявяткавіцкага сельсавета знаходзілася на ўскрайку вялікага ляснога масіва з назвай Воўчыя Норы. І менавіта там дзейнічаў партызанскі атрад “Савецкая Беларусь”.
Навучэнцы школы, ветэраны, жыхары вёсак правялі мітынгі ля помнікаў і абеліскаў, дзе былі пахаваны забітыя і закатаваныя мірныя жыхары і армейцы, якія загінулі ў час апошняй вайны. Зямля з кожнай магілы з указаннем месца пахавання будзе змешчана ў агульную капсулу і сабрана ў адным прасторы крыпты Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб жэртвах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых, у г. Мінску і для вечнай малітвенай памяці. Удумайцеся ў лічбы: у брацкіх магілах на тэрыторыі 13 вёсак сельсавета пахаваны 966 чалавек, імёны 200 з іх невядомыя…
Сучаснае маладое пакаленне ніколі не забудзе ахвяраў вайны. Адным з малавядомых герояў быў разведчык Алег Церашкоў, якога ў партызанскім атрадзе называлі Сашка-масквіч. Незадоўга да вызвалення Беларусі ён быў пасланы ў саставе групы разведчыкаў на заданне на занятую ворагам тэрыторыю. Разведчыкі збіралі каштоўныя звесткі на тэрыторыі ад Баранавіч да Гродна, а затым перадавалі іх у Маскву. Алег добра валодаў нямецкай мовай, хадзіў на заданні ў форме нямецкага афіцэра. Але студэнту-медыку не наканавана было стаць доктарам: ён здзейсніў свой гераічны подзвіг недалёка ад вёскі Коласава. Немцы акружылі месца яго знаходжання, выгналі з хатаў жыхароў вёскі і прапанавалі яму здацца, бо інакш будуць растраляны ўсе тыя людзі. Фашыстаў найбольш цікавілі звесткі аб імёнах каля 150 партызанскіх сувязных з навакольных вёсак. Але мужны разведчык паспеў знішчыць гэту інфармацыю перад сваёй смерцю.
Нас глыбока ўразіў аповед пра партызана – разведчыка Алега Паўлавіча Церашкова. Мы вырашылі стварыць летапіс партызанскага руху, каб назаўсёды засталася памяць аб гераічных людзях той крывапралітнай вайны,
Нашы продкі перадалі нам традыцыю шанаваць памяць загінуўшых хвілінай смутку, хвілінай маўчання. Калі б мы змаглі ўшанаваць такім чынам памяць кожнага загінуўшага беларуса, то нам прыйшлося б маўчаць чатыры гады.
Мы не забылі, мы памятаем…
Ракуць Таццяна Пятроўна, кіраўнік школьнага краязнаўчага музея “Дыяменты даўніны”.