Праз аграгарадок Міжэвічы праходзіць дарога Слонім-Ружаны. Калісьці яна называлася «Кацярынінскай дарогай». У 1796 годзе па ёй павінна была праязджаць у Варшаву імператрыца Кацярына II, і дарога загадзя была выбрукавана каменнем, быў зроблены драўляны мост з разнымі парэнчамі праз рачулку Грыўда. Менавіта па гэтай дарозе, пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года, ішла фашысцкая бранятэхніка на усход. Той ваенны час застаўся ў памяці самых старэйшых жыхароў і ўраджэнцаў Міжэвіч. У 1941 годзе яны былі дзяцьмі.
Дзеці вайны… Ім прыйшлося перажыць многа страху, жорсткасці і ўбычыць мноства смярцей. Напэўна таму, усё ўбачанае падчас ваеннага ліхалецця засталося ў іх памяці назаўсёды, уключаючы нядзельную раніцу 22 чэрвеня 1941 года.
Пяцігадовай Лідзе Савіч і чатырнаццацігадовай Вользе Казлоўскай гэты дзень запомніўся да найдрабнейшых падрабязнасцей, як і ўсе гады акупацыі.
Лідзія Мікалаеўна Савіч (Крэчык) (1936-14.07.2019) – ураджэнка вёскі Міжэвічы. Яе бацька, Крэчык Мікалай Андрэевіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ваенны фельчар. Дарогамі вайны прайшоў ад Беластока да Прагі. Удзельнічаў у абароне Масквы, дзе быў цяжка паранены. Яго вылечыў урач са Слоніма. Потым дайшоў з баямі да Украіны. Вызваляў ад фашыстаў Малдавію, Румынію, Венгрыю, Чэхаславакію.
– Я ў пяцігадовым узросце стала сведкай усіх жахаў вайны, якія з памяці не сцерці ніколі. У першы дзень вайны згарэла наша хата. У Міжэвічах быў страшэнны бой: усё вакол грымела, страляла, гарэла. Мы схаваліся ў склепе. Калі ён пачаў гарэць, мы выбраліся з яго і па канаве, пад градам куль, перапаўзлі вуліцу да суседняй хаты. Запаўзлі ў хлеў і там убачылі параненых чырвонаармейцаў.
Да вечара бой прыціх. Мы з мамай пайшлі ў Крывец да радні. Там ужо былі многія жыхары нашай вёскі. Падчас гэтага бою загінула шмат жыхароў Міжэвіч. Дзяцей, якія засталіся без бацькоў у першы дзень вайны, у свае сем‘і забралі аднавяскоўцы.
Калі мы вярнуліся дадому, я пайшла на балота, што на ўскрайку вёскі, шукаць свайго маленькага шчанюка. У траве ляжала мёртвая дзяўчына. На ёй была чорная ў белы гарошак сукенка, завітыя валасы, а на нагах – чорныя лакіраваныя туфелькі. Я некалькі разоў бегала на яе паглядзець, пакуль яе не забралі.
Каля аднаго са спаленых дамоў у варонцы ад снараду выкапалі вялікую яму. Туды звезлі забітых салдатаў. Ужо пасля вызвалення Беларусі ў 1944 годзе іх перазахавалі ў Брацкай магіле каля школы. Загінуўшых аднавяскоўцаў хавалі на мясцовых могілках. Пажылыя людзі пазней расказвалі, што воінская часць, якая вяла бой у Міжэвічах, прыбыла з Баранавічаў. Немцы, пераапранутыя ў адзенне савецкіх рэгуліроўшчыкаў, накіравалі нашых байцоў у бок Міжэвіч, дзе іх чакалі ў засадзе нямецкія салдаты.
У жніўні дзядуля пабудаваў хлеў, дзе зрабілі печ, нары. Кожную ноч чуліся стрэлы. Мы клаліся на падлогу і ляжалі, пакуль усё не сціхала. І так працягвалася аж да вызвалення, да 1944 года.
Аднойчы мы з мамай пайшлі ў Сурынку. Там у дзядзькі былі кросны. Мама ткала, а я стаяла побач. Нечакана прыехалі «чорныя» – так называлі паліцаяў, якія ў гэтай мясцовасці служылі немцам. Яны зайшлі ў дом, сталі шукаць партызан. Праз нейкі час мама закончыла ткаць і мы пайшлі дадому. Па дарозе зноў сустрэлі «чорных». Яны пазналі маму, і спыталі, чаму яна ходзіць туды-сюды, і яны прыйшлі да высновы, што мама – сувязная партызан. У вёсцы яны распытвалі падрабязна пра нашу сям’ю. Даведаліся, што бацька на фронце. Суседзі перадалі, што маму чакае расправа і схавалі яе. Паліцаі хадзілі па ўсіх дварах, шукалі маму, але, дзякуй Богу і добрым людзям, не знайшлі.
Памятаю вызваленне родных Міжэвіч. Мы ўсёй сям‘ёй сядзелі ў зямлянцы, выкапанай на месцы папялішча нашай хаты. Фашысты ўсё за сабой знішчалі. Але мы ўсё перажылі і дачакаліся Перамогі.
Жыхарка аграгарадка Міжэвічы Вольга Ульянаўна Казлоўская (18.10.1926 – 26.04.2018) успамінала:
– Перад самай вайной адчувалася трывога, здавалася, што на вёску апускаецца нешта страшнае і непапраўнае. 22 чэрвеня неба гудзела ад самалётаў, якія варожа і няспынна праляталі ў вышыні. Затым на шашы з боку Ружан з‘явіліся матацыклы з салдатамі. Вакол гучалі стрэлы і выбухі. У разгубленасці людзі ўцякалі з родных дамоў. Хаваліся ў жыце, пад кустамі, у ямах, быццам яны маглі стаць выратаваннем у гэтых жудасных абставінах.
З першых дзён вайны ў вёсцы была абсталявана нямецкая камендатура. Праз дзень немцы сабралі мужчын, якія засталіся дома, прывялі іх да хлява, паставілі каля сцяны. Побач сабраліся жанчыны з дзецьмі. Чуліся ўсхваляваныя трывожныя галасы: «Божа! Выратуй! Дапамажы!» Нечакана прагучаў стрэл, і адзін з немцаў упаў на зямлю. Салдаты кінуліся ў бок стрэлу, а мужчыны ў гэты час разбегліся ў розныя бакі. Прагучаў яшчэ адзін стрэл. На тым месцы, адкуль даносіліся стрэлы, немцы знайшлі цела чырвонаармейца, які выратаваў вясковых мужчын.
Немцы не дазвалялі хаваць забітых чырвонаармейцаў. Але мой бацька з суседзямі сабралі целы забітых, выкапалі магілу ў канцы сада і пахавалі. Вясной мы з сястрой пасадзілі там кветкі. У канцы 70-х гадоў астанкі загінуўшых воінаў былі перанесены ў агульную Брацкую магілу.
Памятаю, як на першым тыдні вайны немцы загадалі сабрацца мужчынам каля крыжа. Пад‘ехала машына, і мужчын павезлі ў суседнюю вёску Пасінічы. Там за вёскай ім загадалі выкапаць глыбокую яму. На наступны дзень аднавяскоўцы бачылі, як машына з мясцовымі яўрэямі і іх дзецьмі паехала ў бок Пасініч. Яўрэйскія дзеці махалі на развітанне ручкамі, а ў іх маленькіх фігурах адчуваліся смутак, разгубленасць і бездапаможнасць.
Многа савецкіх воінаў загінула ў баях у наваколлі вёскі Міжэвічы ў 1941 годзе і пры вызваленні ў 1944 годзе. Жыхары цяперашняга аграгарадка Міжэвічы ведаюць, што за шчасце жыць пад мірным блакітным небам аддалі сваё жыццё 649 невядомых і 9 вядомых чырвонаармейцаў і камандзіраў. У іх гонар пастаўлены помнік, які знаходзіцца каля Міжэвіцкай школы. Адкрыты ён быў 9 мая 1965 года, у гонар 20-й гадавіны з Дня Перамогі. На высокім пастаменце выбіты словы “Ніхто не забыты”, і стаяць дзве бронзовыя фігуры жанчыны-воіна і мужчыны-воіна. Іх маладыя і мужныя твары застылі ў журботным маўчанні. Непрыкметны ветрык развявае іх шынялі. Жанчына-воін і мужчына-воін сімвалізуюць загінуўшых байцоў.
У 2000 годзе адбылося перазахаванне яшчэ 22 воінаў, астанкі якіх былі знойдзены пошукавым атрадам на могілках вёскі Лапухова. Агні дваццаці дзвюх свечак трымцелі тады ў руках жыхароў Міжэвіч у памяць аб загінуўшых байцах. А чырвоныя цюльпаны будуць цвісці кожны май у Дзень Перамогі ў памяць аб тых, хто абараняў Міжэвічы ад фашысцкіх захопнікаў.
- Марыя НЯЦЕЦКАЯ
- Фота Ігара ПРАКОФ‘ЕВА