Слонімская раённая бібліятэка з гонарам носіць імя класіка беларускай літаратуры Я. Коласа. Для супрацоўнікаў і шматлікіх чытачоў бібліятэкі, для кожнага з нас творы Якуба Коласа – гэта не мінулае, гэта мілая сэрцу сучаснаснасць.
Геніяльныя вершы не губляюць актуальнасці, а старонкі біяграфіі паэта і пісьменніка даюць пэўныя ключы да гісторыі стварэння твораў, думак і перажыванняў аўтара.
На маштабным мерапрыемстве, прысвечаным 140-годдзю з дня нараджэння класіка, у гасцёўні бібліятэкі слонімцы з задавальненнем у чарговы раз адкрывалі для себе Я. Коласа. А дапамагалі ўдзельнікам сустрэчы ў гэтай справе вельмі цікавыя госці – нашчадкі Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча: унучка Вера Данілаўна Міцкевіч і праўнучка Васіліна Валер’еўна. Яны займаюцца даследаваннем творчасці знакамітага продка, а Васіліна ячшэ і галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Я. Коласа.
Шчыра віталі прысутных дырэктар бібліятэкі Тамара Батыраўна Гайдук і галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Лізавета Аляксандраўна Ерашэнкава.
Пачалі мерапрыемства з галоўнага. У гасцёўні прагучала песня “Мой родны кут” на верш Коласа ў выкананні настаўнікаў Слонімскай школы мастацтваў, урывак з паэмы “Новая зямля”, які расказалі вучні СШ № 2, і байка “Конь і сабака”, яе прачытаў таленавіты юны чытальнік з Новадзявяткавіцкай школы.
На літаратурным свяце Вера Данілаўна і Васіліна Валер’еўна прэзентавалі сваю кнігу “Табой я жыў, табой жыву…”, прысвечаную жонцы Я. Коласа Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч.
Гэта выданне цалкам пра сям’ю, пра адносіны паміж роднымі. Тут сабраны лісты, фотаздымкі, успаміны пра Марыю Дзмітрыеўну, якая была вельмі важным чалавекам у жыцці класіка. Госці расказалі, як стваралася кніга, агучылі некаторыя цікавыя моманты, а ячшэ прапанавалі архіўныя відэаматэрыялы, героямі якіх з’яўляецца сям’я Міцкевіч.
Вера Данілаўна адзначыла, што адчувае сябе на слонімская зямлі шчаслівай, ёй заўсёды прыемна сустракацца з жыхарамі раёна, дзе з павагай і любоўю ставяцца да творчасці яе знакамітага сваяка. Дарэчы, сяброўства ўнучкі Коласа і Слонімскай раённай бібліятэкі працягваецца ўжо каля 20 гадоў.
Сваю кнігу, дзе многа вершаў пра Слонімшчыну, госцям падарыла наша паважаная паэтэса Ірына Антонаўна Войтка.
Для ўдзельнікаў сустрэчы была арганізавана экскурсія па музею беларускай кнігі, які дзейнічае ў раённай бібліятэцы. Адна з асноўых экспазіцый прысвечана творчасці Я. Коласа. Тут пачэснае месца займае кніга “Адшчапенец” з аўтографам песняра. Кнігу даслаў сам паэт у 1954 годзе па просьбе былой загадчыцы ўстановы культуры Марыі Капітанчык.