Мама, мамачка, матуля… Наймілагучнейшыя, найдаражэйшыя словы на свеце. Што можа быць больш святым, чым імя маці? Для любога з нас: дзіцяці, падлетка, юнака, пасівелага дарослага – маці – самы родны, самы дарагі чалавек на зямлі, які даў нам жыццё.
Таму вельмі правільна і справядліва, што ў Беларусі, як і ў шмат якіх іншых краінах свету, з 1996 году дзень 14 кастрычніка зацверджаны як Дзень маці.
Дзень маці супадае з вялікім народным і царкоўным святам Пакроваў. Як тлумачыць праваслаўная царква, Пакровы – пакрывала Божай маці, якая абараніла людзей ад бяды…
І нашыя маці гатовыя на самыя неверагодныя ахвяры дзеля шчасця сваіх дзяцей. Маці не проста любіць сваё дзіця, слабое і дужае, прыгожае і не прыгожае, спакойнае і крыклівае, маці разумее яго ў шчасці і ў горы, ў смутку і радасці.
Традыцыйна ва ўсіх школах Беларусі другі тыдзень кастрычніка прысвечаны Дню Маці. Парэцкая базавая школа Слонімскага раёна не стала выключэннем і з 12.10.2020 па 17.10.2020 ва ўстанове адукацыі прайшоў Тыдзень маці.
Была арганізавана маса цікавых мерапрыемстваў для дзяцей і іх бацькоў. Праведзены інфармацыйныя гадзіны“Дзень маці: гісторыя свята”.
Усе вучні школы ўдзельнічалі ў акцыі “Дзясятка для маёй мамы”, у стварэнні калажу “З самымі найлепшымі пажаданнямі…”, у сэлфі-конкурсах “Няма цябе даражэй” і “Мама – мой анёл”, у конкурсе творчых работ “Няма цябе даражэй” (выраб падарункаў).
Творчы падыход прадэманстравалі вучні ва ўдзеле ў SMS-хвалі і павіншавалі сваіх матуль і бабуль са святам Дня Маці праз розныя мэсанджары.
14 кастырчніка для ўсіх матуль і бабуль аграгарадка адбылося святочнае віншаванне “На зямлі будуць кветкі квітнець, пакуль б’ецца сэрца матулі”.
Мерапрыемствы ў рамках Тыдня спрыялі ўмацаванню сямейных традыцый, падтрыманню гарманічных адносін у сям’і.
Вольга Сяркова, кл. кіраўнік 5 класа Парэцкай БШ