У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ў рамках адкрытага пасяджэння аматарскага аб’яднання «Спадчына» адбылася арт-сустрэча з носьбітам элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Беларускае мастацтва выцінанкі» на Слонімшчыне Людмілай Георгіеўнай Руткоўскай, кіраўніком народнай студыі выяўленчага мастацтва.

Людміла Георгіеўна з задавальненнем дзеліцца сакрэтамі майстэрства з усімі жадаючымі. У сваіх работах таленавіты майстар увасабляе разнастайныя тэмы і сюжэты: гэта і фальклорныя матывы, і міфалагічны свет, і прыгажосць роднага краю, і сюжэты да рэлігійных святаў. Непаўторныя вобразы выцінанак з’яўляюцца вынікам самастойных творчых пошукаў Людмілы Георгіеўны, таму яны ўнікальныя, аўтарскія. Асаблівасцю работ майстра з’яўляюцца высокі мастацкі ўзровень і дасканаласць увасаблення творчай задумкі.

Падчас творчай сустрэчы майстрыца правяла майстар-клас па выцінанцы “Птушкі”, калі яны павернуты дзюбкамі адна да адной, гэта азначае шчасце і дабрабыт.

Усе ўдзельнікі мерапрыемства паспяхова асвоілі асноўныя правілы вырабу выцінанкі і стварылі цудоўныя паштоўкі.

***

Выцінанка на Беларусі з’яўляецца адным з улюбеных накірункаў творчасці –гэта ажурныя папяровыя ўзоры, якія вырэзваюцца пераважна з аднаго ліста паперы, найчасцей чырвонага, чорнага або белага колераў. Росквіт мастацтва назіраўся ў 19 стагоддзі. Звязана гэта было з тым, што паступова знікалі курныя хаты, якія тапіліся па-чорнаму, ім на змену прыйшлі «чыстыя» хаты, таму з’явілася жаданне і неабходнасць упрыгожваць жылле. Акрамя таго, развівалася папяровая прамысловасць, стала больш мануфактур. Таму папера стала даступным матэрыялам для вырабу ажурных упрыгажэнняў – яна выступала ў якасці часовай і больш таннай замены тканіны, карункаў, вышыўкі.

У сёняшнія дні выцінанку можна лічыць адным з найбольш папулярных відаў сучаснай народнай мастацкай творчасці з багатай і разнастайнай стылістыкай. Адметнай асаблівасцю сучаснага беларускага мастацтва выцінанкі з’яўляецца адыход ад практычных утылітарна-дэкаратыўных функцый і набыццё ўласнай мастацкай самакаштоўнасці.

Падрыхтавала Таццяна ДЗЕНІСЮК

Поделиться
Перейти к содержимому