Слова маё!
Я ў цябе не прашу
Ні слова, ні ўзнагарод.
Ціха і проста зайдзі ў душу
І застанься там…
назаўсёды….
Г. Бураўкін
Любоўю і цікавасцю да мілагучнага беларускага слова былі прасякнуты ўсе мерапрыемствы, якія прайшлі ў рамках дэкады беларускай мовы, літаратуры, культуры і мастацтва ў Сялявіцкай базавай школе.
Вучні 5-9 класаў з задавальненнем прынялі ўдзел у квэст-гульні “З родным словам па жыцці”, якая абудзіла ў іх цікавасць да вывучэння беларускай мовы і літаратуры. У квэст-гульні ўдзельнічалі чатыры зборныя каманды, якія спаборнічалі ў веданні літаратурных і фальклорных твораў, уменні перакладаць на беларускую мову і тлумачыць разнастайныя фразеалагізмы. Завяршылася квэст-гульня падвядзеннем вынікаў і ўзнагароджаннем пераможцаў.
Кожны ўдзельнік квэст-гульні ўзбагаціўся новымі ўражаннямі і пачуццямі, тым самым наблізіўшыся хоць часцінкай сваёй душы да выканання запавету беларускага паэта Францішка Багушэвіча: “Не пакідайце ж мовы беларускай, каб не ўмёрлі!”.
Незвычайна адсвяткавалі і Міжнародны дзень роднай мовы ў нашай установе. У фае школы сабраліся ўсе, хто пажадаў прызнацца ў любові да сваёй роднай матчынай мовы. Падчас правядзення флаер-фэсту вучні называлі не толькі цікавыя самабытныя беларускія словы, але і малявалі іх выявы на флаерах. Панцак, гарбата, вантрабянка, знічка, гумовікі, хрушч, брыль… гэта толькі частка той багатай моўнай спадчыны, якую важна ведаць і захаваць кожнаму беларусу.
Працягам святкавання Дня роднай мовы стала таксама і напісанне абласнога дыктанта, актыўны ўдзел вучняў і настаўнікаў у якім прыемна здзівіў.
Завяршальным акордам дэкады стала правядзенне конкурсу чытальнікаў вершаў “Мая зямля, мая Радзіма названа светла – Беларусь”, падчас якой гучалі цудоўныя вершы на беларускай мове як малодшых вучняў, так і старшакласнікаў, прысвечаныя Беларусі.
Спадзяёмся, што дэкада, якая была прысвечана беларускай мове, літаратуры, культуры і мастацтву нікога не пакінула раўнадушным, і мы, настаўнікі, разам са сваім вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса, – гонар за сваю мову.
Аксана КРАЧКО, настаўніца беларускай мовы і літататуры