Народ, які не ведае свайго мінулага,
не мае і будучыні.
Міхаіл Ламаносаў
Навучэнцы ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна” прынялі актыўны ўдзел у патрыятычнай квэст-гульні “Патрыёт” і яшчэ раз даказалі, што будучае ў іх будзе, мірнае і шчаслівае.
Квэст – гэта неверагодныя прыгоды і магчымасць праверыць неардынарнасць свайго мыслення. Патрыятычны квэст – гэта развіццё цікаўнасці да гістарычнага мінулага праз вывучэнне падзей Вялікай Айчыннай вайны, выхаванне ў школьнікаў пачуцця патрыятызму, грамадзянскага абавязку і ўдзячнасці загінуўшым воінам і выжыўшым ветэранам, людзям сталага ўзросту.
За перамогу ў гульні змагаліся каманды “Спецназ”, “Дэсант”, “Пагранічнікі”, якія прайшлі баявы маршрут, узгадваючы даты, падзеі і імёны Вялікай Айчыннай вайны. Праверыць сваю трапнасць давялося на станцыі “Снайперы”. Цікава, але дзяўчынкі ніякім чынам не адсталі ад хлопчыкаў! Станцыі “Шыфравальшчыкі” і “Разведчыкі” дазволілі навучэнцам перавесці лічбы і знакі ў літары, каб строгім строем паўсталі ў памяці імёны праслаўленых герояў, ваенныя тэрміны і вядомыя прыказкі.
Наша гісторыя – гэта даты і падзеі. Спрачаліся, знаходзілі ісціну, супастаўлялі факты Вялікай Айчыннай вайны і даты, узнаўлялі веды пра помнікі на станцыях “Гістарычная”, “Загадкавая”, “Геаграфічная”. Станцыя “Медсанбат” праверыла навыкі аказання першай дапамогі, уменне накладаць павязкі параненым байцам.
За праходжванне кожнага з этапаў удзельнікі квэста атрымлівалі заслужаныя балы, па выніках якіх журы вызначыла пераможцаў. Знаўцы гісторыі Вялікай Айчыннай вайны былі ўзнагароджаны дыпломамі, пачаставаліся салдацкай кашай і гарачай гарбатай.
Гульня нікога не пакінула абыякавымі: ні навучэнцаў, ні настаўнікаў, ні запрошаных гасцей – ветэрана педагагічнай працы Мароз Р.Б. і прадстаўніка беларускай праваслаўнай царквы айца Генадзія. Квэст садзейнічаў новаму погляду школьнікаў на гісторыю сваёй Радзімы, яны віртуальна прайшлі дарогай славы дзядоў і прадзедаў, якія коштам уласнага жыцця адваявалі свабоду і незалежнасць роднай зямлі.