Прэзентацыі новых выданняў і бясконцыя сустрэчы чытача з кнігай і сучаснымі пісьменнікамі…
Што яшчэ можна будзе пабачыць і пра што даведацца ў Слоніме, распавялі падчас прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску. Сярод анансаваных навінак – тое, што абавязкова прыцягне ўвагу і прыйдзецца даспадобы: зубр з дэталяў друкарскага абсталявання і шрыфтоў мінулых стагоддзяў, самы маштабны ў Беларусі гарадскі квэст і магчымы адказ на пытанне, хто з’яўляецца аўтарам Жыровіцкага Евангелля.
– Значнасць Дня беларускага пісьменства падкрэсліваецца ўжо тым, што рашэнне аб яго правядзенні зацверджана Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 сакавіка 1998 года №157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”. Гэта адпраўная кропка, якая надала статус гэтаму святу, – адзначыў намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар Бузоўскі. – І сёння яно аб’ядноўвае тысячы ўдзельнікаў і гасцей, якія прыязджаюць не толькі з усёй Беларусі, але і з-за мяжы. Гэта сапраўды маштабнае мерапрыемства.
Асобы і постаці
Урачыстае адкрыццё Дня беларускага пісьменства адбудзецца на галоўнай сцэне каля Цэнтра культуры і адпачынку а 12-й гадзіне 1 верасня. Гледачам прадставяць тэатралізаваную мастацка-гістарычную дзею, у аснове якой – гісторыя Слонімшчыны і Гродзеншчыны, а таксама выбітныя ўраджэнцы і жыхары гэтай зямлі.
Хлопчык і дзяўчынка, якім толькі прадстаіць абраць жыццёвую дарогу, паспрабуюць знайсці адказ на пытанне, ці можна стаць знакамітым на ўвесь свет, калі ты нарадзіўся ў невялікім мястэчку.
– Слонім – сапраўдны куфэрак з багатымі гістарычнымі і літаратурнымі падзеямі, сусветна вядомымі асобамі. Праграма ўрачыстага адкрыцця свята будзе называцца “Зямля пад белымі крыламі” і пабудавана яна на вобразах, якія падказала слонімская зямля, Гродзеншчына, на вобразах пісьменнікаў-юбіляраў гэтага года, – распавяла начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга. – Будуць эпізоды, звязаныя са з’яўленнем іконы Маці Божай Жыровіцкай, легендай пра заснаванне Вітаўтам Сынкавіцкай царквы, адкрыццё Агінскім у Слоніме аднаго з самых вядомых у Еўропе музычных тэатраў, постацямі Льва Сапегі, пляменніка Міхала Казіміра Агінскага – кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага. У год юбілею вызвалення Беларусі не абыдзем увагай падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якія знайшлі адлюстраванне ў тым ліку ў літаратуры.
Таксама падчас урачыстага адкрыцця будуць уручаны Нацыянальныя літаратурныя прэміі. Сёлета іх уладальнікамі стануць шэсць аўтараў.
Закрыццё Дня беларускага пісьменства, абяцаюць арганізатары, стане душэўным хатнім святам, прысвечаным малой радзіме.
Купала на мангольскай мове, Багдановіч на карэйскай
Па традыцыі ў свяце Дня беларускага пісьменства ўдзел прымаюць не только нашы літаратары, але і творцы з-за мяжы. Адна з галоўных падзей, якая іх аб’ядноўвае, – міжнародны круглы стол “Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго”. Праходзіць ён сёння ў Жыровічах. Удзельнікі – з дзесяці краін свету, у тым ліку госці з Азербайджана, Сербіі, Казахстана, Латвіі, Літвы, Украіны, Кітая і іншых дзяржаў. Многія – добра вядомыя асобы. Да прыкладу, у Слонім завітаў народны пісьменнік Азербайджана Чынгіз Абдулаеў. Многія, пэўна, ведаюць імя творцы і нястомнага падарожніка-даследчыка з Польшчы Яцэка Палкевіча. Гэта ён ажыццявіў падарожжа праз Атлантычны акіян у выратавальнай шлюпцы, быў кіраўніком экспедыцыі на вярблюдах праз Сахару, заснаваў першую ў Еўропе школу выжывання. І пра ўсё гэта распавядаў чытачам.
– Імкнемся, каб сярод гасцей у першую чаргу былі асобы. Па-другое, тыя, хто неабыякавы да Беларусі і зацікаўлены ў пашырэнні міжнародных літаратурных стасункаў. Гэта важна для прапаганды беларускай літаратуры ў свеце, – адзначыў дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак.
У гэтым сэнсе такія сустрэчы даюць свой плён. Да прыкладу, санеты Янкі Купалы не так даўно былі перакладзены і пабачылі свет на мангольскай мове. На татарскай выйшла анталогія беларускай паэзіі, куды ўвайшлі творы розных часоў – ад Скарыны да нашых сучаснікаў. У Сербіі плануецца выданне кнігі беларускай паэзіі. У Карэі пабачыць свет зборнік твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Дарэчы, упершыню за апошнія дзесяцігоддзі.
Новыя старонкі гісторыі
У той жа час у СШ №5 райцэнтра навукоўцаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Слонімшчыны, сабрала навукова-практычная канферэнцыя “Слонімскія чытанні”. У праграме – больш як 25 дакладаў па мовазнаўстве, літаратуры, археалогіі.
– Будзе шмат цікавых дакладаў. Да прыкладу, Слонім – выбітны з моўнага пункту гледжання, і асобнае даследаванне якраз тычыцца асаблівасцей мясцовай гаворкі. Будуць прадстаўлены вынікі даследаванняў па назвах раёна, спецыфіцы мясцовых прозвішчаў, – анансаваў дырэктар філіяла «Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа» Ігар Капылоў.
Таксама можна будзе даведацца шмат цікавага пра напісаныя татарскай вяззю, але беларускай лексікай кітабы, якія былі створаны на Слонімшчыне. Паспрабуюць даследчыкі адказаць на пытанне, хто ж з’яўляецца аўтарам Жыровіцкага Евангелля.
Па выніках канферэнцыі будзе выдадзены зборнік дакладаў.
Настолка і самы маштабны квэст
Як падкрэсліў Ігар Бузоўскі, на свяце вельмі важна зацікавіць самых розных гасцей. Таму праграма – вельмі насычаная, рознабаковая і абяцае шмат цікавостак.
Да прыкладу, падчас адкрыцця новага кніжнага магазіна будзе прэзентавана настолка “Таямніцы старадаўняга скрыпторыя”. Яе аўтар – дзіцячая пісьменніца Алена Пушкіна.
– Гэта настольная гульня-хадзілка, якая была распрацавана спецыяльна да Дня беларускага пісьменства. Удзельнікам неабходна сабраць рукапіс і прачытаць тайнае пасланне Скарыны, – расказала аўтар.
Набыць настолку можна ў новай кнігарні “Санет”. Таксама яна будзе падарункам удзельнікам квэст-гульні “Код Сапегі”. Гэты квэст можа стаць самым маштабным гарадскім квэстам у Беларусі. Гульня будзе праходзіць 1 верасня з 10.00 да 17.00 па ўсім горадзе. Але гэта не значыць, што на ўвесь дзень давядзецца забыцца пра іншыя пляцоўкі і праграмы. Выконваць заданні можна калі заўгодна. Для ўдзельнікаў – ніякіх абмежаванняў па часе праходжання гульні і ўзросце. Старт – на цэнтральнай плошчы.
– Квэст – гэта гульнёва-забаўляльны складнік і адначасова гістарычная экскурсія. Задача ўдзельнікаў – выканаць дзясятак заданняў, запоўніць прабелы ў гісторыі і разгадаць “код Сапегі”, – анансаваў дырэктар кампаніі IgraRoom Віктар Раманейка.