Людзі перастаюць мысліць,
Калі перастаюць чытаць
Дэні Дзідро
У чарговым нумары “Слонімскага весніку” я прачытала заметку Наталлі Мельнік пра значэнне кнігі ў яе жыцці. Вельмі шчырае і прачулае разважанне. Думкі Наталлі знайшлі водгук у маёй душы, хоць мы з ёй людзі розных пакаленняў. Яны абудзілі ўспаміны аб маім першым знаёмстве з кнігай і значэнні яе ў маім жыцці.
Дзяцінства маё прыйшлося на першае пасляваеннае дзесяцігоддзе, калі краіна і ўвесь народ перажывалі нястачы і цяжкасці.
Мы жылі ў маленькім пакойчыку, мансардзе. Пад дахам аднапавярховага дома ў старым цэнтры горада. Сваіх кніг у нас тады не было. У куце стаяла самаробная этажэрка, на якой паверх вышытых мамай сурвэтак, ляжаў стос газет, некалькі кніг, якія чытаў тата (іх ён прыносіў з бібліятэкі ці ад знаёмых). І яшчэ быў каляровы, дзівосны для мяне часопіс “Вакол свету”, бо ў ім на кожнай старонцы вабілі зрок каляровыя ілюстрацыі, якія бударажылі маю дзіцячую фантазію, выклікалі цікаўнасць, жаданне як мага больш даведацца пра гэтыя незнаёмыя краіны, землі, дзе растуць на высозных пальмах незвычайныя плады какосы, якія наталяюць сваім сокам людзей у спякоту; дзе жывуць дзівосныя звяркі, падобныя на яловую шышку (сёння я ведаю, што яны называюцца пангаліны), а маленькія мангусты змагаюцца з ядавітымі змеямі і перамагаюць іх.
Тады мне хацелася хутчэй навучыцца чытаць і даведацца як мага больш пра ўсё на свеце.
У раннія школьныя гады я запісалася ў дзіцячую бібліятэку, што размяшчалася на Аптэчным завулку. Гэта было царства кнігі, ведаў, нават пах і дух тут быў нейкі асаблівы. У чытачоў бібліятэкары выхоўвалі павагу да кнігі, пачуццё адказнасці за тое, што, калі ўзяў кнігу, то павінен прачытаць і вярнуць у назначаны тэрмін.
Паступова сябрамі маімі станавіліся героі беларускіх, рускіх народных казак, творы К.Чукоўскага, А.Барто, С.Міхалкова, вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа, аповесці і апавяданні Янкі Маўра, казкі Ш.Перро, Г.-Х. Андэрсена, братоў Грым.
Пад уплывам школьных настаўнікаў з гадамі кола маіх чытацкіх інтарэсаў пашыралася, я стала захапляцца творамі не толькі беларускіх і рускіх класікаў, але і замежнай літаратурай, асабліва аповесцямі М.Твена, Ж.Верна, Ф.Купера… Ды хіба ўсіх пералічыш!
У гады майго юнацтва не было мабільных тэлефонаў, планшэтаў, камп’ютараў. Моладзь чытала, абменьвалася цікавымі кнігамі, сваімі меркаваннямі аб прачытанным, чэрпала з кніг звесткі пра ўсё, што цікавіла і было неабходна ў жыцці.
Асабіста для мяне кніга заўсёды была настаўнікам, да якога я звярталася з упэўненасцю, што атрымаю адказ на любое пытанне. Вось прыклад.
Я была ўжо дарослая. У той час модным былі самавязаныя рэчы. Мае знаёмыя фарсілі ў прыгожых кофтачках, шаліках, шапках. І мне хацелася звязаць самой, але вязаць я не ўмела. Папрасіла маму навучыць. Яна выдатна шыла, вышывала, вязала.
Мама ўзялася мяне вучыць. Але як яна ні старалася мне растлумачыць вязанне на спіцах, у мяне нічога не атрымлівалася. Мучылася яна са мной доўга, а пасля і кажа:
– Нейкая ты тупая, дачушка, як можна не зразумець, гэта ж так проста!
Я не пакрыўдзілася на маму. Жыццё яе склалася так, што вучыцца давялося мала, усю навуку яна пазнавала на практыцы, цяжкай працай.
А я вырашыла звярнуцца па дапамогу да кнігі і ў хуткім часе асвоіла вязанне, нават маме паказала што-нішто новае для яе
Мабыць, з той прычыны, што ўсё маё працоўнае жыццё прайшло ў школе, кніга – яго неад’емная частка. Яна была крыніцай навуковых дадзеных, метадычным дапаможнікам, сродкам фарміравання майго светапогляду, жыццёвых прынцыпаў і дапамагала ўсё гэта перадаваць вучням.
І сёння яна па-купалаўску вучыць нас усіх “людзьмі звацца”, па-коласаўскаму гаворыць: “Свая (родная) зямля – вось што аснова”. А Янка Брыль сцвярджае: якое ліхалецце ні выганяе птушак у вырай, яны рана ці позна вяртаюцца ў родныя гнёзды.
У сваім разважанні Наталля расказвае пра тое ўражанне, якое зрабіла на яе аповесць У.Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Мне вельмі блізкія яе пачуці, бо я сама першы раз чытала аповесць на адзіным дыханні, усю ноч, з хваляваннем. Захапляў сюжэт, мастацкае апісанне прыроды, сімвалізм вобразаў. У аповесці Андрэй Беларэцкі перамагае злую сілу, якая панавала ў маёнтку Яноўскіх, будучыня галоўных герояў аптымістычная. Але мудры Караткевіч ведае, што з “дзікім паляваннем” не так лёгка справіцца. Аповесць заканчваецца словамі: “Хаваючыся напалову ў тумане, імчыць над змрочнай зямлёй дзікае паляванне… не прайшоў яшчэ ягоны час…, пакуль ёсць цемра,… нераўнапраўе і цёмны жах на зямлі. Яно сімвал усяго гэтага”. Гэтыя словы заклікаюць нас не быць раўнадушнымі і абыякавымі да ўсяго таго, што адбываецца ў свеце.
У. Караткевіч бадай што першы прыадчыніў нам вельмі важную старонку гісторыі: беларусы – не шэрая сялянская маса. Былі і ў нас знакамітыя шляхецкія роды, выдатныя гістарычныя асобы, якія пакінулі значны след у жыцці краіны. Яны вызначаліся высокай адукацыяй, перадавымі і вольналюбівымі перакананнямі. У рамане “Каласы пад сярпом тваім” галоўны герой Алесь Загорскі дапамагае паўстанцам на чале з Кастусём Каліноўскім змагацца з рэтраградамі і прыгоннікамі.
Творы У. Караткевіча, Л. Дайнекі вяртаюць нас у далёкае мінулае нашай Радзімы і дапамагаюць глыбей зразумець, хто мы такія, беларусы, якія маем карані, чым можам ганарыцца.
Героі В.Быкава, простыя людзі, радавыя байцы, у неверагодна цяжкіх умовах вайны выяўляюць узоры стойкасці, мужнасці і патрыятызму, вартыя пераймання.
Сапраўдным скарбам можна лічыць творы беларускіх паэтаў – П.Панчанкі, А.Куляшова, Н.Гілевіча і многіх іншых. Часта, калі дрэнны настрой або нездаровіцца, успамінаю на памяць ці перачытваю вершы, і ад гэтых меладычных, вобразных радкоў робіцца лягчэй. У П.Панчанкі так і сказана:
Лечыцца трава ад спёкі ліўнем,
Людзі ласкай лечацца людской.
Альбо хіба не могуць не хваляваць вось такія словы:
Абапрыся на зямлю сырую,
Сэрцам ціха ўсіх перабяры:
Хто жыруе сёння, хто гаруе,
Хто цвіце, хто вяне без пары.
Мо бяда каму здушыла горла,
Можа, хтось не можа ўжо дыхнуць?
Не забудзь туды раней за гора
Хоць на дзве хвіліны заглянуць.
Апошнім часам захацелася перачытаць кнігу Міколы Ермаловіча “Старажытная Беларусь”. Аўтар прааналізаваў вялікую колькасць летапісных дакументаў, науковых прац вучоных-гісторыкаў і па-новаму, аргументавана, пераканаўча паказаў гістарычны шлях беларусаў у ???-???? стагоддзях да дзяржаўнасці, кансалідацыі ў адзіную дзяржаву – Вялікае княства Літоўскае, якое выступала пад гербам “Пагоня”.
Такія творы выклікаюць гонар за краіну, абуджаюць трывогу і клопат за яе будучыню.
Падводзячы вынік усяму сказанаму, магу адзначыць, што кнігі, як асабіста для мяне, так, пэўна, для кожнага чалавека, адыгрываюць вельмі важную ролю. Яны – скарбонка набытых чалавецтвам ведаў, вопыту, культуры. Таму, я думаю, нягледзячы на тое, што ў наш час імкліва развіваюцца электронныя, тэхнічныя сродкі накаплення інфармацыі, сувязі, кніга будзе жыць. Нездарма ж народная прыказка кажа: што напісана пяром, не вырубаеш тапаром, а ў навуковым асяроддзі існуе выслоўе, што рукапісы не гараць.
Навіцкая Ніна Мікалаеўна, пенсіянерка, у мінулым настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №5 г. Слоніма”