Лета – пара цудоўных святаў не толькі ў гарадах, але і ў вёсках Беларусі.  Радуюцца мірнаму жыццю і яснаму сонцу над галовамі і вёскі нашай Слонімшчыны. Чараду святаў вёсак адкрылі ў мінулыя выходныя Азярніца і Сасноўка.

Яна мне дадзена адзіная

На ўсё жыццё, на цэлы век.

Мая адзіная, радзімая

Ў вянках лясоў і стужак рэк.                       

Заўсёды самая прыветная,

Як сонца, свеціцца сама,

Жыве, як мара запаветная,

І роўных ёй — нідзе няма…

Самымі светлымі, самымі ласкавымі словамі ўславілі жыхары Сасноўкі і Азярніцы свае родные вёскі. Бо як жа іначай? Родная вёска – гэта дом, нашы карані, старадаўнія песні матуль і бабуль. Гэта ўтульныя хаціны, гасцінныя гаспадары ды гаспадыні.  І гэта руплівая штодзённая праца, плёнам якое – і хлеб на стале, і да хлеба ў кожнага вяскоўца і гараджаніна. І – галоўнае – разумныя, дбайныя людзі, працаўнікі, у чый гонар гучалі словы пашаны і падзякі на абодвух святах вёсак.

Аграгарадок Сасноўка – самая лепшая мясціна, лічаць яго жыхары. Бо менавіта тут, на іх думку, на дахах дамоў затрымліваюцца прамяні заходзячага сонца. Менавіта ў гэты куточак спяшаецца світанак, бо яго так самааддана клічуць пеўні. Толькі тут так бурна кіпіць простае і такое мілае вясковае жыццё.

Азярніца – маляўнічы куток Слонімшчыны, схаваны ад чужога вока багатымі лясамі, аточаны рачулкамі ды Бяздонным возерам, апеты вершамі і песнямі мясцовага люду. Для народжаных тут – таксама самая лепшая вёска ў свеце.

Арганізатары святаў вёсак не забыліся ўганараваць усіх, хто варты таго, каб пра яго жыццёвыя здабыткі ведалі аднавяскоўцы. На святах узгадалі ўсіх доўгажыхароў, юбіляраў, шматдзетных маці, усіх заслужаных працаўнікоў вёскі. Узгадалі і лепшыя сем’і, што вырасцілі годных нашчадкаў, і сямейныя пары, якія пражылі ў любові і згодзе многія дзесяцігоддзі і гэтаксама жывуць цяпер, падаючы прыклад маладзейшым. Нельга не пагадзіцца, што менавіта людзі і сёння, і ва ўсе часы з’яўляюцца галоўным багаццем вёскі. Нашчадкі і пераемнікі традыцый руплівай вясковай працы ад усёй душы пакланіліся ў пояс усім тым, хто шчыраваў і шчыруе ў гаспадарках, на палетках, на фермах, аддаючы ўвесь запал душы і здароўе найгалоўнай у свеце справе – справе працягу мірнага жыцця на зямлі. І недарэмна, бо ў абедзвюх святкуючых вёсках людзі жывуць па-сапраўднаму працавітыя. Яны ведаюць усе зямныя сакрэты, чуюць, як дыхае зямля, сагрэтая сонечнай ласкай. Каб ацаніць іх руплівы імпэт, варта зірнуць хаця б на вясковыя падворкі. У кожным з іх буяюць кветкі, ад цяжару пладоў ломяцца дагледжаныя сады, агароды поўныя выдатнай гародніны, палеткі – бульбы і многага, многага іншага. Дый кветнікі цяпер не абы якія: кожная гаспадыня імкнецца садзіць і вырошчваць так, каб з кветак утвараліся цэлыя кампазіцыі, падпарадкаваныя ўсім правілам ландшафтнага дызайну. Недарэмна конкурс на самую ўпарадкаваную сядзібу і лепшы кветнік звычайна вельмі папулярныя на  святах вёсак.

Вялікую цікавасць ва ўдзельнікаў святаў выклікалі і выставы мастацкіх вырабаў вясковых майстроў. ”Трэба многа знаць, каб узоры вышываць” – так кажуць у народзе. І сапраўды, разам з ведамі крочыць яшчэ адно вялікае багацце — гэта талент, талент заўважаць прыгожае, лавіць непаўторны міг. І калі ён ёсць, то з-пад рук рамесніка выходзяць ужо сапраўдныя творы мастацтва. Бедны той, хто акрамя грошай, багацця, не мае скарбаў вечных – скарбаў душы, увасобленых у прыгожае. Радуюць людское вока прыгожыя вышыванкі, ручнікі, дарожкі, настольнікі, сурвэткі, зробленыя рукамі вяскоўцаў. Майстрам з залатымі рукамі ў Сасноўцы і Азярніцы была аддадзена вартая іх талентаў даніна павагі. Але ж, як справядліва зазначыў выбітны беларускі паэт Сяргей Грахоўскі, “чалавеку патрэбна не слава, / А людская ўвага і ласка, / I сардэчнае цёплае слова, / I вясёлая добрая казка…” Таму галоўнае, што здолелі зрабіць арганізатары цудоўных святаў вёсак, – гэта паказаць сваю ўвагу і павагу да аднавяскоўцаў, як старэйшых, так і маладзейшых, і нават самых юных. Найлепшымі падарункамі для ўсіх сталі добрыя беларускія песні, пад якія з імпэтам таньчылі і якім шчыра падпявалі нашы вёскі.

ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”

Поделиться
Перейти к содержимому