Што патрэбна, каб летні адпачынак прайшоў выдатна? Вядома ж, добрыя сябры, цікавыя заняткі, свежае паветра, спорт… Усё гэта можна знайсці ў дзіцячым лагеры “Дружба”, які з 21 чэрвеня 2019 года працуе на базе Вялікашылавіцкага ясляў-сада – базавай школы. Сёлета ў ім адпачываюць 25 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 6 да 13 гадоў. Дзеці жывуць ва ўтульных пакоях, наведваюць камп’ютарны клас, спартыўную пляцоўку, бібліятэку, кожны дзень для іх праводзяцца тэматычныя дыскатэкі на базе мясцовага ЦДК. План выхаваўчай і ідэалагічнай работы распрацаваны так, каб ахапіць усе выхаваўчыя накірункі, мерапрыемствы маюць актыўную накіраванасць і вельмі цікавыя для дзяцей. Першы дзень жыцця ў лагеры праходзіў пад дэвізам “Дзень знаёмстваў” і ўключаў у сябе ўрачыстае адкрыццё змены, квэст-гульню “Зберажом планету” і дыскатэку “Танцуем і знаёмімся”. Вынікам адкрыцця лагера “Дружба” сталі наступныя характарыстыкі ад выхаванцаў: “Здорава!”, “Спадабалася”, “Пазнавальна і цікава”, “Весела”.
Хочацца пажадаць хлопчыкам і дзяўчынкам, каб іх далейшы летні адпачынак быў цікавым, карысным і бяспечным!
Вольга Аляксейчык