“Льецца песня па-над Шчарай” і Свята беларускага пісьменства развітваецца са Слонімам. Пранікнёны, надзвычай цёплы, лірічны і кранальны канцэрт беларускай музыкі і песні падрыхтавалі для фінала арганізатары Дня беларускага пісьменства.
Тысячы сланімчан і гасцей горада сталі яго гледачамі. На іх вачах адбылася яшчэ адна значная падзея свята, якая стала яго традыцыяй – перадача эстафеты Дня пісьменства ад сёлетняй сталіцы да будучай. У 2020-м вялікае свята беларускай кнігі, слова, пісьменнікаў і чытачоў прымуць Бялынічы Магілёўскай вобласці. Гэты горад вядзе адлік сваёй гісторыі з 16 стагоддзя. Тут нарадзіліся народны мастак Беларусі Вітольд Бялыніцкі-Біруля, паэт Ігар Шклярэўскі і многія знакамітыя дзеячы навукі і мастацтва.
Перадаючы эстафету – вымпел Слоніма і фаліянт ручной працы, старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч перш падзякаваў усім, хто спрычыніўся да свята. Людзям, дзякуючы каторым яно прайшло на такім высокім узроўні. А Бялынічам жадалі зрабіць Дзень пісьменства не горшым, а нават лепшым, чым у Слоніме. Бо з кожным годам свята становіцца ўсё больш запамінальным і цікавым.
– Сёння мы сталі сведкамі надзвычай прыгожага свята, якое арганізавана на вельмі высокім узроўні. Нам задалі планку, і мы прыкладзем усе сілы, каб Свята беларускага пісьменства ў Бялынічах, якія мы называем варотамі Магілёўскай вобласці, таксама атрымалася цікавым і змястоўным, – адзначыў старшыня Бялыніцкага райвыканкама Васіль Захаранка. –Выдатна, што такое свята штогод прымае новы горад. Гэта дазваляе вялікай колькасці людзей стаць удзельнікамі гэтага высокага мастацтва, думкі і талентаў. Запрашаем усіх вас праз год зноў на свята беларускага пісьменства, ужо да нас у Бялынічы.
Канцэрт закрыцця свята зноў жа падарыў гледачам цёплую сустрэчу з беларускай мовай і нашай багатай культурай. Як і на самім свяце, мерапрыемствы якога праходзілі цягам двух дзён, панавала паэтычная атмасфера беларускага слова. “Мая Беларусь”, “Белая ластаўка”, “Мы будзем першымі”, “У зялёным садочку”, “Варажба” гучалі са сцэны.
Разам з народнымі гучалі песні на вершы беларускіх аўтараў – класікаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Максіма Танка, Якуба Коласа, Генадзя Бураўкіна, а таксама нашых сучаснікаў Алеся Бадака, Юліі Быкавай, Уладзіміра Мазго і многіх іншых. Ансамбль “Песняры”, Алёна Ланская, Анастасія Ціхановіч, Вікторыя Алешка, вакальная група “Чысты голас”… Разам з зоркамі беларускай эстрады на галоўную сцэнічную пляцоўку Дня пісьменства выйшлі тыя, для каго Слонім – маленькая радзіма. У тым ліку – салісты Маладзёжнага тэатра эстрады Аляксандр Саванец і Вольга Змуршчык.
Ім гледачы дарылі свае шчырыя апладысменты, свае ўсмешкі. Ды нястомна падпявалі артыстам. А як іначай, калі гучаць знаёмыя і такія любімыя беларускія песні.