Нарадзіўся Іван Якімавіч 22 лютага 1932 года ў вёсцы Чамяры ў сям’і лесніка. У дзяцінстве захапляўся маляваннем. Таму пасля заканчэння школы паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. Але аднойчы зазірнуў у скульптурны клас і быў уражаны тым, як паслухмяная чулым пальцам чалавека гліна ажывае, ператвараючыся ў аб’ёмны малюнак, і ў скульптуры раскрываецца пластычны вобраз, закладзены ў самім матэрыяле. Жаданне ствараць аб’ёмныя, а не пласкасныя творы прывяло маладога мастака да рашэння перайсці на скульптарскае аддзяленне. Вучыўся Іван Якімавіч Міско ў знакамітых скульптараў Андрэя Бэмбеля і Аляксея Глебава. У Беларусі да таго часу ўжо склалася свая школа скульптуры. Было ў каго павучыцца, было што пераняць з творчага вопыту старэйшых.
Творчасць Івана Якімавіча шырока вядома не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. Сярод яго твораў шмат вядомых скульптур. Помнік Максіму Горкаму ўпрыгожвае ўтульны дзіцячы парк на беразе Свіслачы ў Мінску. Помнік Маці-патрыёткі Анастасіі Фамінічны Купрыянавай – сімвал самаахвярнасці маці, якая не дачакалася сваіх дзяцей з вайны, стаіць у Жодзіна.
З вялікай павагай мастак ставіцца да гістарычнага мінулага беларускага народа, імкнецца сваёй творчасцю ўвекавечыць памяць вядомых дзеячаў нашай краіны. Ім створаны бюст Казіміра Семяновіча і скульптура беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Зрабіў эскіз французскай мастачкі Надзеі Лежэ, якая нарадзілася ў Барысаўскім раёне і з якой скульптар быў асабіста знаёмы. Сёння Іван Якімавіч працягвае працу над помнікам Льва Сапегі для Слоніма.
Але ва ўсім свеце Іван Якімавіч Міско больш вядомы як «касмічны скульптар», які стварыў цэлую галярэю скульптурных бюстаў касманаўтаў, у першую чаргу – нашых беларусаў Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка і Алега Навіцкага. Ён працаваў не толькі ў сваёй майстэрні ў Мінску, але і ў Зорным гарадку, дзе пазнаёміўся з многімі касманаўтамі, назіраў за іх трэніроўкамі. Сярод яго твораў шмат скульптурных бюстаў касманаўтаў з іншых краін. Яго працы на касмічную тэму ёсць у музеях і прыватных калекцыях многіх краін свету. Скульптурная кампазіцыя «Космас» з мармуру ўпрыгожвае адзін з паркаў горада Алія ў Ліване.
Іван Якімавіч Міско з’яўляецца Заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР і Беларусі, сябар Саюза мастакоў СССР і Беларускага саюза мастакоў, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і ордэнам Ю.А. Гагарына.
На выставе прадстаўлены экспанаты, якія падарыў Іван Якімавіч Міско Слонімскаму краязнаўчаму музею ў розныя часы. Сярод іх – скульптурныя партрэты, першыя графічныя працы, фотаздымкі скульптур, дакументы, асабістыя рэчы, якімі ён карыстаўся ў сваёй майстэрні, і інш.
Запрашаем на выставу.
Сяргей БУРСЕВІЧ, навуковы супрацоўнік краязнаўчага музея.