Праект «СВ» «Нашы землякі» працягваецца ўжо некалькі гадоў, што асабліва прыемна. Тут мы расказваем пра слонімцаў, якія сваім талентам, прафесіяналізмам, працавітасцю славяць малую радзіму. Прапануем яшчэ адно цікавае знаёмства – Ірына Мікалаеўна Саматыя, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
– Ірына Мікалаеўна, раскажыце, калі ласка, пра Ваша слонімскае дзяцінства…

– Я нарадзілася ў самым прывабным месцы на зямлі – вёсцы Тушэвічы. Тут прыгожа ўсё: людзі, дамы, сады, рэчка Шыйка…
Люблю наш край – старонку гэту,
Дзе я радзілася, расла,
Дзе першы раз пазнала шчасце,
Слязу нядолі праліла.
Люблю народ наш беларускі,
Хаціны ў зелені садоў… (К. Буйло)

Аднойчы ў пачатку 90-х на лекцыі студэнт задаў мне правакацыйнае пытанне: “Ці верыце Вы ў Бога?” Я адказала, што вырасла побач з Жыровіцамі, памятаю, як на вялікія святы бабуля брала мяне з сабой у царкву, як мяне ўразіў храм, многа людзей на пляцы каля Свята-Успенскага сабора… Ці магла я вырасці атэістам? Магла, паколькі ў той час у школе казалі, што Бога няма. Аднак традыцыі сям’і, аднавяскоўцаў не дазволілі адмовіцца ад веры.
– Хто дапамог выбраць напрамак, які стаў справай жыцця?
– Мая сям’я дала мне самае лепшае, што можна даць чалавеку. Мае бабулі і дзядулі: Тэафілія Ануфрыеўна і Іван Паўлавіч Кісель, Матруна Ігнатаўна і Емяльян Іосіфавіч Супрун, мае бацькі Ніна Іванаўна і Мікалай Емяльянавіч Супрун, мой брат Мікалай Мікалаевіч Супрун, мае цёткі і дзядзькі, стрыечныя браты і сёстры, суседзі, аднавяскоўцы паўплывалі на маё станаўленне як чалавека.
На маім шляху сустрэліся цудоўныя людзі. Сярод іх – першая настаўніца Таццяна Ісакаўна Шарыхіна. Думаю, яе памятаюць некалькі пакаленняў тады маленькіх жыхароў вёсак Тушэвічы і Скоўдзічы, бо помняцца не толькі яе першыя ўрокі пісьма, чытання, арыфметыкі, а ў першую чаргу – яе добразычлівасць.

У першым класе здараліся казусы: не ўсё адразу атрымлівалася. Часта ратаваў мяне стыечны брат – трэцякласнік Валодзя Ёрш: сціраў крывыя палачкі і кручкі, прыгаворваючы: “Твой бацька дырэктар саўгаса, а ты дрэнна вучышся!” Таццяна Ісакаўна тактоўна дапамагала. Дзённікі з яе пяцёркамі да гэтага часу захоўваюцца ў бацькоўскім доме. І для мяне праца настаўніцы стала маяком пры выбары прафесіі.
Пашанцавала яшчэ і ў тым, што стрыечная сястра Зінаіда Міхайлаўна Ёрш працавала ў дзіцячай бібліятэцы Слоніма і часта брала мяне з сабой на працу. Там я апыналася ў чароўным свеце дзіцячай літаратуры, прымала ўдзел у розных мерапрыемствах, якія папулярызавалі чытанне. Падросшы, стала карыстацца саўгаснай бібліятэкай, якая была праз калідор ад кабінета майго таты – дырэктара саўгаса “Пераможац”.
У 1964 годзе пайшла ў 5-ы “А” клас сярэдняй школы № 1 г. Слоніма. Гэта быў новы свет. Большасць маіх аднакласнікаў былі дзецьмі вайскоўцаў, якія з-за пераездаў бацькоў многа бачылі і, адпаведна, ведалі. Цяжкасць была ў тым, што ў гэтым годзе школу перавялі на рускую мову навучання.
Адміністрацыя СШ № 1 была пераважна з філолагаў: Сяргей Аляксандравіч Кардаш, Марыя Васільеўна Мухіна, дырэктар Вольга Іванаўна Бурава. Гэта, відаць, наклала адбітак на філалагічную перавагу такіх прадметаў, як беларуская і руская мова і літаратура, замежныя – нямецкая і англійская. Забягаючы наперад, адзначу, што дзякуючы Вандзе Міхайлаўне Цімошка, я была лепшай па нямецкай мове ва ўніверсітэцкай групе.
Любімымі маімі прадметамі сталі беларуская і руская мова і літаратура, якія выкладалі заслужаная настаўніца БССР Кацярына Іванаўна Бараноўская і Ганна Аляксандраўна Амельчанка.
Кацярыне Іванаўне было больш складана выкладаць свае прадметы, бо гэта быў час, калі дзецям вайскоўцаў дазвалялася не хадзіць на ўрокі беларускай мовы, а літаратуру адказваць на рускай мове. Але чалавек, які быў улюбёны ў сваю справу, аставіў глыбокі след у нашых душах. Тое, чаму вучаць з душой, задавальненнем, не забываецца.Таленавітая настаўніца прывівала нам любоў да роднага краю, да людзей працы, народных традыцый. Думаецца, што і пад уплывам яе ўрокаў мы з цеплынёй успамінаем сваю школу, сваю радзіму. Нездарма мае аднакласнікі, выпускнікі 11 “А” класа 1971 года, прыязджаюць у Слонім з Запарожжа, Уладзівастока, Масквы, Мінска і іншых куточкаў, куды закінуў лёс. На некалькі дзён здымаецца гасцініца, бо амаль у нікога з нас не засталося бацькоў. Проста існуе такая патрэба: пабыць у двары роднай школы, пахадзіць па вуліцах юнацтва, пасядзець на беразе Шчары, успамінаючы школьныя гады, настаўнікаў, першае каханне…
І Таццяна Ісакаўна, і Кацярына Іванаўна, і Ганна Аляксандраўна і многія другія настаўнікі вызначылі мой жыццёвы шлях – філалогія. Прычым, я збіралася паступаць на рускую філалогію. Лёсавызначальны выбар дапамог мне зрабіць наш слынны зямляк Алег Антонавіч Лойка, які скіраваў мяне на спецыяльнасць “Беларуская і руская мова і літаратура”.
Чаму менавіта БДУ? У дзясятым класе мой бацька Мікалай Емяльянавіч (дарэчы, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі) быў запрошаны на Беларускае тэлебачанне. Напрасілася паехаць з ім у сталіцу. Пакуль ён даваў інтэрв’ю, гуляла па Мінску. Горад уразіў мяне, я яго палюбіла назаўсёды. І калі паўстала пытанне, куды паступаць, настаяла на Мінску.
Такім чынам, на цэлых 5 гадоў аказалася ў самай лепшай навучальнай установе краіны – на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна. Мы, першакурснікі, адразу ўключыліся ў цудоўны вір студэнцкага жыцця.
У першую сесію здавалі вусную народную творчасць Нілу Сымонавічу Гілевічу, уводзіны ў мовазнаўства – Мікалаю Андрэевічу Паўленку, уводзіны ў літаратуразнаўства – Вячаславу Пятровічу Рагойшу. Усе экзамены здала на “выдатна” і атрымала павышаную стыпендыю.
З вялікай цеплынёй успамінаю любімых выкладчыкаў: Якава Максімавіча Еўдакімава (нямецкая мова), Ірыну Міхайлаўну Шчарбакову, Еўдакію Сцяпанаўну Мяцельскую, Яўгена Міхайлавіча Камароўскага (беларуская мова), Алега Антонавіча Лойку, Міхася Рыгоравіча Ларчанку, Дзмітрыя Якаўлевіча Бугаёва, Маргарыту Барысаўну Яфімаву (беларуская літаратура), Аляксея Арсеньевіча Волка (дэкан факультэта), Святлану Дзмітрыеўну Малюковіч, Ірыну Вікенцьеўну Шаблоўскую (замежная літаратура), Адама Яўгенавіча Супруна (стараславянская мова), Івана Клімавіча Германовіча, Браніслава Аляксандравіча Плотнікава (руская мова), Уладзіміра Аляксандравіча Карпава (балгарская мова), куратара 4 групы паэта Рыгора Семашкевіча і многіх-многіх другіх.
У 1976 мы ўсе атрымалі кваліфікацыю “Філолаг. Выкладчык беларускай і рускай мовы і літаратуры”, а таксама размеркаванне на працу. Вучоба ва ўніверсітэце падарыла мне і маю другую палавінку – мужа Рычарда, аднакурсніка, з якім мы шчасліва і дружна ішлі па жыцці 43 гады.
У 1977 годзе ў нас нарадзіўся сын Вадзім, які, дарэчы, таксама закончыў БДУ – факультэт міжнародных адносін.
Нашы ўнучкі таксама гуманітарыі: старэйшая, Альбіна, – студэнтка факультэта прынттэхналогій і медыякамунікацый. Малодшая, Дзіяна, марыць стаць псіхолагам.
– Якія этапы давялося прайсці, рухаючыся па прафесійнай лесвіцы?
– Па размеркаванні ў 1976 годзе Рычард Іванавіч стаў выкладчыкам і сакратаром камсамольскай арганізацыі вучылішча № 12 бытавікоў у Мінску, а я – настаўніцай беларускай мовы ў Гарадзішчанскай сярэдняй школе Мінскага раёна.
Гэта быў важны этап у нашым жыцці. Мы сталелі, набіраліся прафесійнага вопыту. Праца ў школе – гэта важная веха ў маім жыцці. Сваёй любоўю да дзяцей я заслужыла павагу іх бацькоў, якія абралі мяне дэпутатам Шчомысліцкага сельскага Савета. Да гэтага часу сустракаюся са сваімі першымі любімымі вучнямі. Многія выпускнікі майго дзясятага класа пасля экскурсій у вучылішча бытавікоў сталі яго навучэнцамі. І нават тушэвіцкі сусед Віця Пракапчук вучыўся тут.
Рычард пасля заканчэння аспірантуры БДУ быў размеркаваны ў толькі што створаны Інстытут культуры.
У 1982 годзе я перайшла на працу ў СШ № 132 горада Мінска. Пасля курсаў павышэння кваліфікацыі па запрашэнні прафесара Васіля Ульянавіча Протчанкі стала працаваць у НДІ педагогікі. Затым была аспірантура ў педагагічным універсітэце на кафедры беларускага мовазнаўства. Асяроддзе – прафесары Фёдар Міхайлавіч Янкоўскі, Міхась Станіслававіч Яўневіч, мой навуковы кіраўнік Мікалай Георгіевіч Яленскі і другія – спрыяла таму, што я ў патрэбны тэрмін абараніла кандыдацкую дысертацыю па педагогіцы.
Вельмі важнай была дапамога маіх родных: мужа, брата Мікалая, якія падтрымалі мае паездкі ў Маскву, Кіеў, Віцебск, Брэст для збору патрэбнага матэрыялу. Часта бывала ў школах Слоніма: праводзіла эксперымент па навучанні беларускай мове. Землякі спрыялі мне.
Па размеркаванні вярнулася ў сваю альма-матар – на філалагічны факультэт БДУ на кафедру методыкі беларускай мовы (тады першую і адзіную ў краіне), якой загадвала Зінаіда Браніславаўна Варановіч. І ўжо 31 год я тут працую.

Па маіх слядах у філалогію пайшлі мае стрыечныя брат Васіль Міхайлавіч Супрун і сястра Ала Генадзеўна Санько (Стрык), пляменніца Вольга Мікалаеўна Супрун (Русілевіч). На вялікі жаль, няма ўжо Вольгі і Алы (светлая ім памяць), але яны пакінулі свой след у выхаванні і навучанні слонімцаў.
– Што з‘яўляецца галоўным прадметам інтарэса ў Вашай педагагічнай і навуковай дзейнасці?
– Праца на філалагічным факультэце пачалася з распрацоўкі курса “Методыка выкладання беларускай мовы”, праграм спецкурсаў і спецсемінараў. Усе гэтыя гады кірую педагагічнай практыкай студэнтаў, курсавымі і дыпломнымі працамі. Публікаваліся мае артыкулы ў навуковых зборніках філфака, часопісах “Народная асвета”, “Роднае слова”, “Беларуская мова і літаратура”, выходзілі дапаможнікі для студэнтаў (Выкладанне беларускай мовы, 1994 г., Методыка выкладання беларускай мовы, 2007 г. і інш.). Ганаруся тым, што з’яўляюся суаўтарам падручнікаў і дапаможнікаў па беларускай мове, па якіх вучаць родную мову дзеці нашай краіны. Як тут не згадаць афарыстычныя радкі паэта Міколы Пракаповіча:
Жыву і вучуся нястомна
Сваё і чужое цаніць, –
Тады падымаецца крона,
Калі беражэш карані.
Пасля аб’яднання кафедраў методыкі беларускай і рускай мовы была створана кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, якой доўгі час кіравала прафесар Ларыса Аляксандраўна Мурына.
На сённяшні дзень прыярытэтам у дзяржаве з’яўляецца экспарт адукацыйных паслуг. Да нас прыязджаюць студэнты многіх краін свету. Таму цяпер даводзіцца выкладаць методыку навучання не толькі роднай мовы, але і методыку замежных моваў, методыку рускай мовы як замежнай для кітайскіх, туркменскіх, карэйскіх студэнтаў. Атрыманая ў свой час на філалагічным факультэце спецыяльнасць дае такую магчымасць.
Адукацыя, кажуць, гэта скарб, які паўсюль ідзе ўслед за яго ўладальнікам. Адукаванасць пракладае шлях да добрай кар’еры, дапамагае ствараць характар, закладавае аснову моцнай нацыі. Як сцвярджаў вядомы вучоны Дзмітрый Мендзялееў, любоў да сваёй справы можа і чэрствы хлеб зрабіць мяккім.
Дарэчы, мае аднакурснікі працуюць не толькі ва ўстановах адукацыі, а і ў іншых сферах: органах кіравання розных узроўняў, сацыяльнай сферы, органах унутраных спраў, рэдакцыйна-выдавецкай дзейнасці і інш. Адукацыя класічнага ўніверсітэта дае такую магчымасць. Таму запрашаю выпускнікоў слонімскіх адукацыйных устаноў паступаць на філалагічны факультэт БДУ. Цяпер у нас можна атрымаць наступныя спецыяльнасці:

Вольга КУР’ЯН
Фота з архіва І.М. САМАТЫЯ

Поделиться
Перейти к содержимому