Для вучняў 2, 3 класаў праведзена выхаваўчая гадзіна “Хлеб – гэта наша жыццё”. Загадчык філіяла “Сялявіцкі цэнтр культуры” М.В. Габава расказала вучням, як раней жыхары вёскі Сялявічы жалі жыта. Жніво было важным перыядам у жыцці селяніна.
Вучні не толькі пазнаёміліся з тагачаснымі прыладамі працы, рознымі прыстасаваннямі, але і ўбачылі, якім чынам нашы продкі імі карысталіся. Вучні ўбачылі, як правільна зразаць каласы сярпом і рабіць снапы, як малаціць цэпам. Важна было зрабіць сноп “Гаспадар”, які захоўваўся да новага ўраджаю, каб і наступны год быў удалым. Сноп заўсёды ставіўся вертыкальна, каб хутчэй мог высахнуць. Абмалочанае зерне малолі на ручных жарнавах ці з дапамогай ветраной мельніцы. Муку прасейвалі на сітцах.
Марына Вячаславаўна знайшла і захавала экспанаты, якія сёння з’яўляюцца нашай гісторыяй, нашай спадчынай і памяццю.
Хлеб выпякалі ў кожнай вясковай хаце. Вучні з вялікай цікавасцю даведаліся, што круглыя ці авальныя боханы фармавалі мокрымі рукамі на хлебнай лапаце, на якую сцялілі лісце клёну ці дубу. Астываў хлеб пад ручніком, напаўняючы хату найлепшым у свеце пахам! Не было нічога смачней, як адрэзаць гарачую лусту, пасаліць яе і з’есці.
З хлебам не гулялі, ніколі не выкідалі… Калі выпадкова бохан клалі ўніз скарыначкай, то абавязкова патрэбна было перавярнуць яго. Лічылася вялікім грахом кінуць на падлогу крошку хлеба. Калі ж выпадкова здаралася, што падаў кавалак, то яго падымалі і цалавалі перад тым як пакласці ў рот. Крышыць хлеб таксама забаранялася: хто так зробіць, той ніколі не будзе мець хлеба. У час абеду хлеб рэзаў сам гаспадар, тым самым падкрэсліваючы важнасць і значнасць гэтага прадукту. Рэзалі яго лустамі, скібкамі, кавалачкамі. Было прынята, каб увесь парэзаны хлеб з’ядаўся.
Марына Вячаславаўна спякла смачныя духмяныя булачкі і пачаставала вучняў. Вельмі хочацца, каб нашы дзеці з вялікай павагай і пашанай адносіліся да хлеба. Калі будзе так, значыць, мы з малых гадоў навучымся шанаваць працу чалавека.
Л.В. Цуркан, настаўнік Сялявіцкай базавай школы