Па-новаму загучала слова “мір” у кантэксце назвы “Год міру і стварэння” для навучэнцаў Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы. Такому пераасэнсаванню пасадзейнічаў хатынскі набат, які рэхам адбіваўся ў маладых сэрцах падчас наведвання мемарыяльнага комплексу “Хатынь”. Інавацыйны праект, па плане якога школа працуе ўжо другі год, аб’яднаў сорак жадаючых, сярод якіх былі і вучні, і настаўнікі, і сам дырэктар установы, з мэтай наведаць месца трагедыі, якой у гэтым годзе 22 сакавіка споўнілася восемдзесят гадоў. Інавацыйная дзейнасць, арганізаваная з улікам мясцовага матэрыялу, давала падставу назваць і нашы суседнія вёскі (Акунінава, Рудня, Баравікі і інш.) сёстрамі Хатыні. Жывыя ўспаміны сведкі Куліны Ніны Фёдараўны (дзіцяці вайны, якой на той час было 9 гадоў) дапамагалі яшчэ больш глыбокаму ўспрыманню аповеду Алачкі, якая ў музеі праз магчымасці сучасных камп’ютарных тэхналогій, дзялілася сваімі перажываннямі і пачуццямі, якія ёй, пяцігадовай дзяўчынцы, прыйшлося перажыць у гады ваеннага ліхалецця. Полымя пылаючага хлява, у якім (зноў жа дзякуючы сучасным кам’ютарным тэхналогіям) апынуліся ўдзельнікі экскурсіі, дало адчуць жах тых, хто трапіў у жорны карнікаў. І раптам зыркае святло наступнай белай залы, як кантраст паміж былым і сучасным, агарнула ўсіх прысутных думкай: якое шчасце, што чорна-белыя фарбы жыцця падарылі нам, сучасным жыхарам Беларусі, яе светлую палоску. А як доўга яна будзе расфарбавана светлай палітрай колераў, залежыць канкрэтна ад кожнага з нас. Ручайкі крыві станавіліся ўсё больш шырокімі і павялічвалі сваю плынь з кожнай новай залай музея, што сведчыла пра маштаб трагедыі Вялікай Айчыннай вайны. І ў душах нашых дзяцей будзе расці і павялічвацца асэнсаванне каштоўнасці мірнага неба, якое варты захаваць і яны цяпер шляхам уласнай стваральнай працы, праз агульнае намаганне дарослых з мэтай не дапусціць трагедыі мінулых дзён.

Экскурсійны маршрут пасля музея прадоўжыўся па сцежках мемарыяльнага комплексу, дзе чакала сустрэча са скульптурай Іосіфа Камінскага; лічбамі на сэрцы стала колькасць спаленых вёсак на сімвалічных могілках; тры бярозкі нагадалі аб кожным трэцім, хто загінуў падчас вайны. Духоўным прытулкам стаў адноўлены праваслаўны храм, у якім можна было памаліцца аб нечым сваім, асабістым, магчыма, навеяным толькі што пачутым і ўбачаным.

На развітанне вучні і настаўнікі ўсклалі кветкі каля Вечнага агню, застылі ў глыбокім роздуме падчас хвіліны маўчання. А званы яшчэ доўга не пакідалі наш слых, нібы прасілі наведваць такія мясціны і захоўваць гістарычную праўду і памяць Радзімы.

Вольга Блізнюк, педагог, які выконвае

функцыі класнага кіраўніка 6 класа

Новадзявяткавіцкай СШ

Поделиться
Перейти к содержимому