На шматлікіх пляцоўках былі прадстаўлены творчы патэнцыял навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі, праца цэнтра грамадскіх аб’яднанняў і дзіцячых ініцыятыў. Ацанілі госці і калядную пастаноўку тэатра батлейкі, а выхаванцы існуючага пры школе лега-цэнтра змайстравалі цэлы горад з канструктара, дзе суседнічаюць з сучасным будынкам чыгуначнага вакзала галоўныя славутасці горада над Нёманам – гродзенскія замкі і Каложская царква, старадаўняя музей-аптэка і касцёлы.
Пра патрыятычны аспект сістэмы выхавання лепш усялякіх слоў расказала строгае шэсце вучняў спецыялізаваных класаў гродзенскіх школ – класа МНС СШ №33, мытнага класа СШ №13 і кадэцкага класа сярэдняй школы №38.
– На працягу апошніх гадоў Гродзеншчына лідзіруе ў плане выхаваўчай і ідэалагічнай працы з моладззю. Тут ёсць узорна паказальныя рэчы і вынікам сёняшняй сустрэчы могуць стаць метадычныя рэкамендацыі, з якімі звернемся ў Міністэрства адукацыі, – адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк. –Школа – гэта не толькі месца, дзе даюць веды. З майго пункту гледжання веды – гэта своеасаблівая “рыдлёўка” для выканання пэўнай працы, але не менш важнае месца займаюць сэнсы, якія як раз фарміруюцца падчас выхаваўчай працы. Калі няма сістэмы каштоўнасцей – аднолькавых і сакральных для ўсіх, калі няма стрыжня, закладзенага ў школе і сістэме навучальных ўстаноў, немагчыма вырасціць партыёта сваёй краіны.
Сярэдняя школа №38 у новым мікрараёне з’яўляецца не толькі адукацыйным, але і культурным цэнтрам. Не толькі ўвесь працоўны тыдзень, але і кожную суботу дзверы школы адкрыты з раніцы, і з вялікай цікавасцю дзеці наведваюць пазакласныя мерапрыемствы, гурткі і аб’яднанні па інтарэсах.
– Асаблівая ўвага ў нас надаецца вывучэнню кітайскай мовы. Сёлета адкрылі кабінет кітайскай мовы і культуры, дзе знаёмяцца з культурай і мовай Паднябеснай у асноўным на факультатыўных занятках каля двухсот вучняў. Але праходзяць тут і ўрокі кітайскага – з гэтага года як першы замежны ён з’явіўся ў раскладзе пятнаццаці трэцякласнікаў, – гаворыць дырэктар школы Сяргей Кісялёў.
Кажучы ж пра вобласць у цэлым, у многіх школах створаны ўсе ўмовы для развіцця кожнага навучэнца. Гэта і развіццё творчых талентаў, і ўдзел у сацыяльных праектах. Актыўна ў вобласці развіваецца валанцёрскі рух, члены атрадаў якога аказваюць дапамогу пажылым грамадзянам мікрараёна.
Важным кампанентам у грамадзянска-патрыятычным выхаванні з’яўляюцца спецыялізаваныя класы, за ведамі ў якія па ўсёй вобласці дзень за днём спяшаюцца будучыя абаронцы Радзімы, матываваныя на паступленне ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавых структур.
– Знакавым у арганізацыі вольнага часу з’яўляецца праца лагераў падчас канікул і сёння дэманструем такі досвед працы ў тым ліку на базе памежных застаў, вайсковых частак нашай вобласці, – кажа начальнік аддзела галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Таццяна Асмалоўская.
Сёлета ў летні перыяд у лагерах вобласці адпачылі больш за 60 тысяч дзяцей. А ў гэтыя зімовыя канікулы цікава правядуць час у аздараўленчых лагерах і ўстановах дадатковай адукацыі каля дзевяці тысяч дзяцей. Прадугледжаны цікавыя экскурсіі і квэст-гульні.
Дарэчы, вялікую папулярнасць сярод школьнікаў у апошні час атрымала абласная акцыя «Ды суседзяў». Толькі ў лістападзе каля 15 тысяч школьнікаў вобласці пазнаёміліся са славутасцямі Прынёмання і сталіцы падчас 800 экскурсій.
Немалаважную ролю ў сістэме выхавання іграе дадатковая адукацыя. Сёння існуе шмат магчымасцей і варыянтаў заняць дзіця ў вольны час – гэта і традыцыйныя напрамкі ад харэаграфіі да дэкаратыўна-прыкладной творчасці, і такія новыя, як робататэхніка, мехатроніка, ІТ.
Аб тым, што ўсё гэта трэба і цікава для дзяцей і нагадваць не прыходзіцца. А яскравым паказчыкам, які выразна характарызуе наладжаную ў вобласці сістэму выхавання падрастаючага пакалення, з’яўляюцца лічбы так званай негатыўнай статыстыкі з пазітыўнай тэндэнцыяй – у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года больш чым на 34 працэнта знізілася колькасць злачынстваў, учыненых падлеткамі на Гродзеншчыне.