На выніковай калегіі Міністэрства культуры падвялі вынікі працы ў 2017 годзе і адзначылі лепшых супрацоўнікаў і ўстановы сферы.
У конкурсе “Горад культуры” роўных Гродзеншчыне ў гэтым годзе няма: з пяці намінацый у трох пераможцамі сталі населеныя пункты Прынёмання. Лепшым абласным цэнтрам названы Гродна. У намінацыі “Лепшы пасёлак гарадскога тыпу” перамогу святкуе Сапоцкін, а лепшым аграгародкам стаў Адэльск.
Залессе – пераможца ў намінацыі “Лепшы сельскі (пасялковы) выканаўчы камітэт па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” яшчэ аднаго конкурсу: на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі па выніках 2017 года.
Чалавекам года ў сферы культуры па выніках 2017-га ў намінацыі “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны” стаў Сяргей Жылік, вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры.
Нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” узнагароджана дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Рыта Янчалоўская.
Гродна – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” ў намінацыі “Лепшы абласны цэнтр”.
Гродна – горад, які жыве насычаным культурным жыццём: музеі, тэатры, калектывы, якія вядомы далёка за межамі Беларусі. Асаблівую ўвагу тут надаюць захаванню архітэктурнай спадчыны. Самыя маштабныя работы летась вяліся на Каложскай царкве і Старым замку.
Кожны год для горада – гэта новыя цікавыя праекты, новыя адценні традыцыйных свят. У абласным цэнтры, адзіным у Беларусі, праходзіць свята рамеснікаў “Казюкі”. Багатыя традыцыі мае “Каложскі благавест”, прывабным стаў фестываль вулічнага мастацтва. У Гродне збіраюцца з розных краін фокуснікі на фестываль “Magic Show”, байкеры – на фестваль “Хавайся ў бульбу!”, праходзяць фестывалі джазу, класічнай музыкі “TyzenHouse”, арганнай і камернай музыкі, фестываль красак “СolorFest ”… Кожны год у горадзе праводзіцца каля тысячы культурна-масавых мерапрыемстваў.
Мінулы год таксама запомніўся шматлікімі цікавымі праектамі. Многія з іх былі максімальна адкрытымі для гледачоў, ладзіліся на свежым паветры. Самым маштабным можна назваць прымеркаваны да Дня Незалежнасці марафон канцэртаў “Талентаў россып да свята краіны”. Набыў сваіх прыхільнікаў праект “Воскресенье у Дворца”, калі ўлетку кожную нядзелю на сцэне каля ПК тэкстыльшчыкаў выступалі творчыя калектывы і выканаўцы. Тут жа ладзіліся выставы калекцыянераў “Гарадзенскі скарабей”.
Упершыню гасцей сабраў фестываль нацыяльных блюд і напояў “Карто-fun”.
Па-новаму загучала пляцоўка музея гісторыі рэлігіі. У дадатак да фестывалю нямога кіно ў дворыку можна было паглядзець спектаклі абласнога тэатра лялек. Ладзіліся тут музычныя праекты, у тым ліку абласной філармоніі “Музыкальная среда”. Прывабным быў яшчэ адзін праект філармоніі – канцэрты на балконе.
Шмат цікавых мерапрыемстваў і свят, якія знаёмяць з традыцыйнымі рамёствамі, ладзіцца ў Цэнтры спадчыны гарадскога Цэнтра культуры.
Як заўсёды, папулярнасцю карыстаюцца праекты Гродзенскай капэлы. Летась калектыў парадаваў гледачоў праграмай “Вайна і мір” у Фарным касцёле.
Гарадскі пасёлак Сапоцкін Гродзенскага раёна – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” ў намінацыі “Лепшы пасёлак гарадскога тыпу”.
Гэта сучасны добраўпарадкаваны і прывабны пасёлак, які апошнім часам стаў папулярным месцам сярод турыстаў.
Сапоцкінскі культурна-турыстычны цэнтр – прызнаны лідар сярод клубных устаноў раёна па выкарыстанню народных традыцый, гісторыка-культурнай спадчыны сваёй мясцовасці ў культурнай і турыстычнай дзейнасці.
Адным з прыярытэтных напрамкаў з’яўляецца захаванне і папулярызацыя элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Вынікам гэтай працы стала ўключэнне ў 2013 годзе ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі традыцыі роспісу велікодных яек.
У пазамінулым годзе ў Сапоцкіне прайшло адметнае свята пісанкі, якое стала брэндавым. А летась на базе культурна-турыстычнага цэнтра адчыніў дзверы музей пісанкі, дзе сабрана каля паўтысячы цікавых экспанатаў – распісных яек. Тут можна наведаць і майстар-клас.
Гасцям могуць прапанаваць шэраг турыстычных маршрутаў з экскурсіямі. Прадугледжваюць яны і наведванне Аўгустоўскага канала.
Аграгарадок Адэльск – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Горад культуры” ў намінацыі “Лепшы аграгарадок”.
Галоўныя ўстановы культуры аграгарадка – Цэнтр культуры, сельская бібліятэка – цэнтр краязнаўства і турызму, філіял Індурскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў. Шматлікія турысты і госці ведаюць аграгарадок дзякуючы ўнікальнай мясцовай кухні, якая была ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў 2015 годзе. А таксама – майстру Мар’яну Скрамблевічу, які займаецца вырабам драўляных музычных інструментаў (традыцыя ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі ў 2012 годзе) і праводзіць майстар-класы ды экскурсіі па “музычным” музеі.
Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці з’яўляецца асноўным рэалізатарам праекта “Вяртанне да вытокаў”, які распачаўся ў 2016-м і актыўна працягваўся ў мінулым годзе. Было рэканструявана свята “Адэльскі фэст”. А фальклорныя экспедыцыі дазволілі ўзнавіць яшчэ адно цікавае і самабытнае свята млынароў.
Лепшыя традыцыі вышыўкі захоўвае і развівае таленавіты майстар Наталля Кавалькова.
Супрацоўнікамі Цэнтра культуры і народнай творчасці распрацаваны турыстычны маршрут “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына”, праводзяцца майстар-класы па вывучэнню побытавых танцаў, такіх, як “Кракавяк”, “Лявоніха”, “Нарэчанька”. Усё гэта робіць невялікі аграгарадок цікавым для гасцей.
Залессе – пераможца ў намінацыі “Лепшы сельскі (пасялковы) выканаўчы камітэт па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі” конкурсу на лепшую практыку дзейнасці органаў мясцовай улады па рэалізацыі дзяржаўнай культурнай палітыкі па выніках 2017 года.
Залессе Смаргонскага раёна – гэта добры прыклад таго, як намаганнямі супрацоўнікаў розных устаноў, арганізацый, у тым ліку і тых, што не адносяцца да сферы культуры, мясцовых органаў улады, з удзелам жыхароў нават у невялікім населеным пункце можна зрабіць насычаным культурны адпачынак і ладзіць мерапрыемствы, што будуць збіраць гасцей з іншых рэгіёнаў.
Вядома Залессе далёка за межамі Беларусі ў першую чаргу дзякуючы музею-сядзібе М.-К. Агінскага. За 11 месяцаў мінулага года тут пабывалі амаль 27 тысяч наведвальнікаў, у тым ліку госці з Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны і іншых краін. Асабліва турыстам падабаюцца тэатралізаваныя экскурсіі для дарослых “У госці да Міхала”, для школьнікаў і студэнтаў – “Гістарычныя таямніцы сядзібы М.-К. Агінскага”, музейны занятак “Па слядах М.К. Агінскага” для вучняў пачатковых класаў.
Ладзяцца ў сядзібе шматлікія святы і мерапрыемствы. Да прыкладу, дзіцячы і дарослы касцюміраваныя балі, літаратурна-музычныя гасцёўні, свята камернай музыкі “Вяртанне Паўночных Афін” з удзелам Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга.
Сядзіба, што была адноўлена некалькі год таму, стала цікавым турыстычным аб’ектам і адным з брэндаў Гродзеншчыны. Адначасова працягваюцца работы па добраўпарадкаванню тэрыторыі. У межах дамовы аб бязвыплатнай дапамозе ў памеры 600 тысяч рублёў з Банкам развіцця Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе праведзены работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі возера, гідратэхнічных збудаванняў і мастоў. Выкананы праектныя работы па рэстаўрацыі часткі парка і канюшні сядзібы.
Калі казаць пра культурнае жыццё сельсавета, варта зазначыць, што не менш цікава працуюць і іншыя ўстановы культуры. Супрацоўнікамі сектара культуры і вольнага часу “Залескі Дом культуры” Смаргонскага раённага цэнтра культуры ладзяцца святы, якія набываюць усё большую папулярнасць. Сярод іх – “Купалле”, якое набыло статус раённага і збірае больш за дзве тысячы ўдзельнікаў.
Ахвотна дзеці і дарослыя наведваюць клубы па інтарэсах. Значны адбітак на арганізацыю работы Залескага Дома культуры накладвае дзейнасць народнага тэатра лялек “Батлейка”. Дзякуючы творчай дзейнасці “Батлейкі” ў раёне прапісаўся адкрыты рэгіянальны фестываль батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, які у 2017 годзе прайшоў у трэці раз. Добра заявілі аб сабе аматарскі тэатр мініяцюр “Марыянеткі”, дзіцячы лялечны гурток “Балаганчык”, харэаграфічны гурток, гурток мастацкага чытання “Магія слова”, вакальная група “Заляснянка”.
Атрымаў трывалую прапіску ў Залессі і аддзел культуры і вольнага часу “Раённы Дом рамёстваў”. На працягу звыш дзесяці гадоў Дом рамёстваў праводзіў даследчую працу па выяўленню мясцовых i рэгiянальных асаблiвасцей традыцыйных рамёстваў. Яе вынікам стала стварэнне і адкрыццё ў снежні 2017 года этнаграфічнай экспазіцыі “Адкуль нашы карані”.
З 2016 года ў рамках праекта “Кластэрны падыход і інфармацыйныя тэхналогіі для мясцовага ўпраўлення і ўстойлівага развіцця сельскіх терыторый” рэалізуецца партнёрская ініцыятыва “Творчая майстэрня. Залескія сувеніры”. Партнёрамі раённага Дома рамёстваў выступілі пярвічная арганізацыя “Сяльчанка” грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” (Смаргонскі раён) і Залескі сельскі выканаўчы камітэт.
Плённа працуюць у аграгарадку дзіцячая музычная школа мастацтваў, якую наведваюць каля ста дзяцей, і сельская бібліятэка.
Сяргей Жылік, метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры – пераможца рэспубліканскага конкурсу “Чалавек года ў сферы культуры” ў намінацыі “Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны”.
Дзякуючы ініцыятыве Сяргея Жыліка ў раёне распрацаваны шэраг творчых праектаў, у тым ліку былі падрыхтаваны матэрыялы для фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, накіраваныя на правядзенне аднаўленчых работ на Гальшанскім замку.
Істотным здабыткам культуры раёна сталі новыя аб’екты, якія з’явіліся ў выніку рэалізацыі шэрагу праектаў транспамежнага супрацоўніцтва і малых грантаў, ініцыятарам і аўтарам якіх выступаў Сяргей Аляксандравіч. Запатрабаваны ў наведвальнікаў музей Дугі Струвэ ў аграгарадку Гальшаны, турысцка-інфармацыйны цэнтр краязнаўчага музея, будынак былой сінагогі. За праектныя сродкі набыты гістарычныя касцюмы, абсталяванне для рамеснікаў і тэхнічныя сродкі.
У чэрвені 2017 года завершана работа над міні-праектам “КУТ” на тэрыторыі Мураванаашмянкаўскага сельсавета. Вынікам яго рэалізацыі стала стварэнне цэнтра творчасці і музейнага пакоя, прысвечанага знакамітаму земляку К.М.Дарагастайскаму.
Летась была даследавана традыцыя шанавання валуна “Нявесцін камень”. У жніўні 2017 года статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь быў нададзены традыцыі шанавання валуна “Нявесцін камень”, які знаходзіцца ў вёсцы Агароднікі Ашмянскага раёна.
Рыта Янчалоўская, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, узнагароджана нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”.
Вялікая ўвага ў рабоце ўнікальнага для Беларусі музея надаецца міжнароднаму супрацоўніцтву. А таму шматлікія госці могуць наведаць у Гродне цікавыя выстаўкі з іншых краін.
Да прыкладу, былі арганізаваны часовыя экспазіцыі з Літоўскай Рэспублікі: “Антанас Рымавічус: Богу і чалавеку” з Шаўляйскага музея “Аўшрос”, “Літва: нацыянальны касцюм. Гарадзішча ў фотаздымках” — сумесны праект з Генеральным консульствам Літоўскай Рэспублікі ў Гродне. Адбыліся персанальныя выставы мастакоў з Польшчы і Расіі. З поспехам прайшлі выставы веласіпедаў з Італіі і прысвечанай нараджэнню Хрыстову з Палесціны.
Цікавыя выставачныя праекты, якія спрыяюць інтэграцыі беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру, музей прэзентаваў за межамі нашай краіны, у тым ліку ў Расіі і Польшчы.
У лістападзе 2017 года дзве праектныя заяўкі, падрыхтаваныя ў межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія – Літва – Беларусь 2014–2020”, былі адобраны еўрапейскай камісіяй. Гэтыя праекты будуць садзейнічаць развіццю міжкультурных камунікацый і міжнароднага партнёрства ў сацыякультурнай сферы, а таксама павышэнню турыстычнай прывабнасці музея.