Флюгер з "лісам" і містычны склеп Белай панны і Чорнага манаха. Як рэстаўрыруецца замак Сапегаў у Гальшанах

Гледзячы на рэшткі некалі велічнага помніка архітэктуры – замка Сапегаў у Гальшанах, — дзіву даешся тагачасным майстрам, іх інжынерным здабыткам і рашэнням. Аднак пра гэта пазней. Перш за ўсё радасна ўсведамляць, што пасля стагоддзяў разбурэнняў, якія напаткалі замак, ён урэшце рэшт дачакаўся работ па захаванні таго, што засталося, і хаця б частковага аднаўлення.

Асноўная ўвага пры рэстаўрацыі, ініцыятарам якой стала мясцовая ўлада, сканцэнтравана на паўночную вежу і паўночна-ўсходні корпус. Дзякуючы двум грантам са спецфонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва на правядзенне работ накіраваны 1 мільён 50 тысяч рублёў.

Той, хто час ад часу бывае ля сцен помніка архітэктуры, не мог не заўважыць змен, якія тут адбываюцца. Шматлікіх турыстаў ужо сустракае узноўленая звонку вежа, на даху якой красуецца флюгер з гербам роду Сапегаў — «Лісам».

— Пры яе рэстаўрацыі, — адзначае метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік, імкнуліся паказаць напластаванні розных стагоддзяў, таму спалучылі цагляны мур і тынкоўку. І гэта правільна, бо ў розны час помнік архітэктуры выглядаў па-рознаму.

2.jpg

Між тым, работы на замку працягваюцца. Зараз выконваецца ўзмацненне і рэстаўрацыя калонаў і арачных скляпенняў параднай залы. Часткова выкарыстоўваецца аўтэнтычная цэгла — так званая пальчатка, там жа, дзе патрэбна ўзмацненне, напрыклад пад дахам, у ход ідзе моцная сучасная цэгла і арміраванне. Акрамя таго, з мэтай абароны ад разбурэнняў выконваецца гідраізаляцыя калонаў. Іх верх, а таксама аркі накрыты полікарбанатам, які кампенсуе негатыўныя ўздзеянні дажджу і ветру.

Дарэчы, супрацьаварыйныя і аднаўленчыя работы на паўночна-ўсходнім корпусе накіраваны ў першую чаргу на стварэнне бяспечных умоў для турыстаў.

Па словах Сяргея Жыліка, яшчэ адзін этап запланаваных мерапрыемстваў — стварэнне музейнай экспазіцыі, якая размесціцца ў паўночнай вежы. Яе навуковая канцэпцыя, дарэчы, ужо зацверджана. Склеп, згодна з задумкай, стане носьбітам містычнай гісторыі з Белай паннай і Чорным манахам. На першым узроўні размесцяцца матэрыялы археалагічных раскопкаў, на другім — макет замка Сапегаў і прадметы тагачаснага інтэр’еру, партрэты былых уладальнікаў замка, копіі дакументаў. Трэці ўзровень будзе служыць назіральнай пляцоўкай, з якой ужо адкрываецца від на Гальшаны.

3.jpg

Чалавека, кажа народная прымаўка, сустракаюць па адзенні. А замак? Думаю, ніхто не будзе спрачацца, што на шляху да помніка архітэктуры важнае значэнне мае сам падыход. Менавіта таму ля былых уладанняў Сапегаў запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі, а гэта і зручныя дарожкі (дарэчы, плітка для іх ужо завезена), і вулічнае асвятленне, і візітцэнтр з сувенірнай крамай і санітарнымі памяшканнямі, і стаянка для аўтамабіляў.

Грунтоўны агляд паказвае: работ праведзена шмат, нямала яшчэ наперадзе. А мары і ўвогуле грандыёзныя: вось бы цалкам узнавіць калі не ўсе сцены замка, то хаця б паўночна-ўсходнюю, якая першай сустракае гасцей. А яшчэ яна — яскравы прыклад грандыёзнай інжынернай думкі таго часу. Размешчаныя ў ёй паветраводы — своеасаблівыя шахты — служылі для ацяплення рэзідэнцыі магутнага роду Сапегаў, захаваць якую наш абавязак.

ГП.

Поделиться
Перейти к содержимому