Калейдаскоп жанраў
Абсалютны лідар гэтага года – Андрэй Татур, які актыўна супрацоўнічае з екацярынбургскім выдавецтвам. У суседняй дзяржаве ў нашага аўтара толькі сёлета выйшла 11 кніг: зборнікі вершаў, песень, гумарыстычных апавяданняў ды баек. Ёсць і хрысціянская лірыка. Аўтар адным напрамкам не абмяжоўваецца.
У творчым багажы пісьменніцы са Слоніма Кацярыны Насуты (працуе пад псеўданімам Карына Дзёміна) каля сотні кніг, пераважна дэтэктываў і фэнтэзі. Сёлета выйшла яшчэ адна – пад інтрыгуючай назвай “Не выпускайте чудовищ из шкафа”, гэта так званае цёмнае фэнтэзі. Дарэчы, кнігі аўтара з Гродзеншчыны прыйшліся да спадобы чытачам не толькі з Беларусі, але і Расіі – аматары сучаснай літаратуры актыўна галасуюць за іх рублём. Выданні на платнай аснове можна знайсці ў інтэрнэце або заказаць па пошце ў выдавецтвах.
80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвечаны зборнік лірыкі аўтара з Ваўкавышчыны Мікалая Іваноўскага “Адгалоскі саракавых…”. Вершы аб’яднаны ў пяць тэматычных раздзелаў: ад “Вайна – страшэнная пачвара” да “Незалежнасць, мір, свабода”.
Вядомая найперш як паэтэса і аўтар дзіцячых твораў, старшыня абласной пісьменніцкай арганізацыі Людміла Кебіч ужо неаднаразова выступае ў амплуа празаіка. Пад вокладкай кнігі “Неба ў дыяментах” чытачы знойдуць аповесць і апавяданні. Там і рэальныя гісторыі, і прыгоды, і глыбокія расчараванні, і разважанні пра жыццё.
Праблемы дзяцей і падлеткаўЗаймальныя гісторыі пра літары беларускага алфавіту “Жылі-былі літары” прапануе маленькім чытачам Аляксей Якімовіч.
У творчай скарбонцы празаіка Ірыны Фамянковай з’явілася кніга “Чудеса детства”, напісаная ў незвычайным жанры – вершы з элементамі прозы. Цікава, што ў кнізе чытачы сталі і яе аўтарамі. Да прыкладу, частка ілюстрацый выканана вучнямі пачатковых класаў СШ №20 імя Лізы Чайкінай, а асобныя творы напісаны Ірынай Фамянковай па матывах дзіцячых сачыненняў.
Жыццё падлеткаў даўно трапляе на старонкі кніг Ліны Багданавай. Чытачам сярэдняга школьнага ўзросту, іх бацькам і педагогам адрасавана кніга “Ой! Простите, наследили!”. Выданне – працяг серыі інтэрактыўных апавяданняў “В контакте”. Ліна Багданава – празаік з вялікім педагагічным стажам. Яна шмат працуе з дзецьмі, творча пераасэнсоўвае іх гісторыі, праблемы, з якімі яны сутыкаюцца, і праз апавяданні дапамагае чытачам пражываць няпростыя моманты і складаныя жыццёвыя этапы.
Каму аплацяць друк?
Пяць аўтараў з Гродзеншчыны сталі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу рукапісаў “ЛітАп”. Гэта Людміла Кебіч, Таццяна Сучкова, Ліна Багданава, Ірына Салата і малады пісьменнік Андрэй Дарожкін. Неўзабаве іх кнігі пабачаць свет у дзяржаўных выдавецтвах за бюджэтныя сродкі і будуць прадстаўлены ва ўсіх бібліятэках краіны.
Дарэчы, сярод 19 пераможцаў нацыянальнага літаратурнага стартапу – пяць прадстаўнікоў Прынёмання. Выдатны вынік!
Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі рыхтуе зборнік літаратурна-мастацкіх твораў ваенна-патрыятычнай тэматыкі “Памяти вечный огонь”. Гэта адкрыты праект. Кнігу складуць вершы, проза, публіцыстыка не толькі прафесійных аўтараў, але і аматараў, пачаткоўцаў, прадстаўнікоў грамадскасці рознага ўзросту.