8 чэрвеня работнікі клубных устаноў Слонімшчыны паўдзельнічалі ў школе-практыкуме па беларускіх традыцыйных побытавых танцах, наладжанай Слонімскім раённым цэнтрам культуры, народнай творчасці і рамёстваў на базе цэнтра культуры і адпачынку.
Бадай, адзіным больш-менш значным праектам у галіне развіцця культуры традыцыйных побытавых танцаў да гэтага з’яўляўся абласны фестываль-свята “Танцуем па-даўнейшаму”, што ладзіцца ўжо некалькі гадоў запар увесну на базе Лідскага раёна. Але літаральна днямі па ўсёй Гродзенскай вобласці быў запушчаны абсалютна новы і надзвычай цікавы этнакультурны праект, прысвечаны адраджэнню і папулярызацыі народных танцаў. Творчая ініцыятыва пад назвай “ЭтнаБУМ” нарадзілася падчас семінара для работнікаў культуры Гродзенскай вобласці , што адбыўся ў сярэдзіне мая на Воранаўшчыне. Тады і было вырашана распачаць праект, які пакліканы развіваць традыцыйныя побытавая танцы — галіну народнай культуры, якая часта застаецца па-за ўвагай і з гэтай прычыны развітая значна меней за астатнія напрамкі традыцыйнай культуры.
Пачатак праекту “ЭтнаБУМ” на Слонімшчыне дало навучальнае мерапрыемства, пр якое расповед далей. Падчас школы-вучобы ў Слоніме выступілі метадысты раённага цэнтра культуры, народнай творчасці і рамёстваў Святалана Бушчык і Кацярына Мальчык, якія распавялі прысутным пра мэты, задачы і сутнасць новага творчага праекта. На вялікім экране для культработнікаў раёна прадэманстравалі найбольш яркія і відовішчныя народныя танцы, якімі славіцца Панямонне. Гэта “Дэмбраўская кадрыля” (элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны са Шчучыншчыны) і “Котчынская кадрыля” (элемент НКС з Мастоўскага раёна). А далей была практычная часткі школы-вучобы: удзельнікі народнага вакальнага ансамбля “Славяначка” паказалі ўсім майстар-клас па найбольш папулярных побытавых танцах, і культработнікі з задавальненнем скакалі кракавяк, польку і нарэчаньку. Напрыканцы гэтай сустрэчы прафесійны харэограф Кацярына Лапацкая навучыла ўсіх ахвотных танчыць больш складаную і выкшталцоную падэспань.
Лагічным працягам школы-вучобы стануць “Танцавальныя нядзелі” – агульнараённы танцавальны флэшмоб, які будзе ладзіцца штотыднёва, у нядзелю, а 19 гадзіне ва ўсіх клубных установах. Танчыць традыцыйныя побытавыя танцы будуць і ў клубах, і каля іх – у залежнасці ад надвор’я і настрою. Але першы танцавальны флэшмоб абласнога маштабу (танчыць будзе ўся Гродзеншчына!) адбудзецца ў суботу, 19 чэрвеня ў 18.00. Чакаем усіх ахвотных на прыклубных тэрыторыях аграгарадкоў і абяцаем: будзе весела!
ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”