Зямля Беларусі ўзрасціла выдатнага класіка сусветнай і беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Якуба Коласа.
3 лістапада 2021 года спаўняецца 139 гадоў з дня нараджэння вялікага паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка, выдатнага лінгвіста і фалькларыста. Творчая постаць Я. Коласа ў беларускай літаратуры фенаменальная. Шматграннасць яго таленту выявілася як у паэзіі, так і ў прозе, публіцыстыцы, у дзіцячай літаратуры. Якуб Колас заклаў асновы беларускага рамана. Ён – настаўнік некалькіх пакаленняў сучасных беларускіх пісьменнікаў. Прыемна адзначыць, што імя Якуба Коласа носіць Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа. Гэта і гонар, гэта і вялікая адказнасць. Калектыў бібліятэкі ўсё робіць для таго каб быць вартым гэтага імя.
Яшчэ ў 1956 годзе Якуб Колас пісаў: “Беларуская мова параўнальна маладая. Хоць даўно ўжо на ёй гаворыць народ, але як мова навукі, палітыкі, літаратуры яна знаходзіцца ў перыядзе станаўлення. Таму наша задача – берагчы мову, вывучаць яе, распрацоўваць і пашыраць. Гэта дасягаецца штодзённым яе ўжываннем у побыце, на рабоце, у дзяржаўных, грамадскіх і культурных установах”. Гэтыя словы актуальныя і сёння.
З мэтай папулярызацыі беларускай мовы, яе захавання, развіцця і распаўсюджвання сярод насельніцтва, асэнсавання як нацыянальнай культурнай каштоўнасці ў 1992 годзе супрацоўнікамі Слонімскай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа быў створаны адзіны на Гродзеншчыне музей беларускай кнігі.
У музеі функцыянуюць 2 аддзелы, адзін з якіх – “Якуб Колас – народны паэт Беларусі” – прысвечаны славутаму класіку беларускай літаратуры. Тут сабраны матэрыялы аб жыцці і творчасці песняра, прадстаўлены зборы твораў, юбілейныя выданні Я. Коласа, шмат цікавых манаграфій, альбомаў аб жыцці паэта.
Гонарам музея стала кніга-падарунак пад назвай “Адшчапенец” (1950) з асабістым подпісам Якуба Коласа “Слонімскай раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6. IX.1954 г.”
Варта адзначыць, што ўжо 17 гадоў (з 2004 г.) музей падтрымлівае сувязі з нашчадкамі Я. Коласа: унучкай Верай Данілаўнай і нявесткай пісьменніка – Аляўцінай Цімафееўнай Міцкевічамі. Менавіта яны падарылі музею каштоўныя экспанаты коласаўскай эпохі: 25 фотаздымкаў і звыш 30 кніг з сямейнага архіва Міцкевічаў.
Больш падрабязна дакрануцца да паэзіі песняра і адчуць яе сутнасць можна наведаўшы каштоўную крыніцу краязнаўчых ведаў – музей беларускай кнігі Слонімскай раённай бібліятэкі імя Я. Коласа.
Васілеўская Юлія, метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу ДУК “Слонімская раённая бібліятэка імя Я. Коласа”