Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я…
(Якуб Колас “Родныя вобразы”)
У кожнага народа ёсць пісьменнікі, веліч і значэнне якіх узрастаюць ад пакалення да пакалення. Са старонак самых першых кніг, прачытаных па складах, прыходзяць у наша жыццё гэтыя імёны – Якуб Колас і Янка Купала. Прыходзяць, каб падарыць велізарны паэтычны свет, напоўнены фарбамі, гукамі, пахам роднай зямлі. Свет гэты ўвабраў у сябе гарачую любоў да чалавека, спакойную мудрасць і дабрыню народа, вялікую веру ў шчасце. Першае свядомае пачуццё любові да радзімы ў нас таксама нараджаецца пад уплывам патрыятычных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Менавіта Якуб Колас пранікнённа і шчымліва-балюча сказаў аб трапяткой прыгажосці роднага краю.
Мой родны кут, як ты мне мілы!…
Забыць цябе не маю сілы!
Спадчына Якуба Коласа і Янкі Купалы належыць не толькі нам, беларусам, але і ўсяму свету, а самі песняры былі і застаюцца вялікімі сынамі свайго часу і сваёй краіны.
2017 год праходзіць пад знакам 135-годдзя з дня нараджэння знакамітых песняроў Беларусі. 3 лістапада споўніцца 135 год з дня нараджэння Якуба Коласа. Электронная прэзентацыя пад назвай “Якуб Колас – класік беларускай літаратуры”, прымеркаваная да дня нараджэння Якуба Коласа, была праведзена ў філіяле “Гарадская бібліятэка № 2”.
На мерапрыемства завіталі вучні 5 “А” класа СШ № 3 разам з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Аленай Міхайлаўнай Хілько. Бібліятэкары Аксана Беркус і Ларыса Палуносік прапанавалі вучням цікавую інфармацыю пра песняра беларускага народа Якуба Коласа і прачыталі вершы класіка. Прагучаў верш Сяргея Грахоўскага “Песня будзе жыць”, прысвечаны памяці народнага паэта. Таксама расказалі пра Слонімскую раённую бібліятэку, якая носіць імя Якуба Коласа, і пра музей беларускай кнігі, які знаходзіцца ў раённай бібліятэцы, запрасілі на экскурсію. Напрыканцы правялі віктарыну.
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей на свеце Божым
Гэтых светлых берагоў?..
(Якуб Колас “Сымон-музыка”, 1925).
Алена ЛЕПКО, загадчык філіяла “Гарадская бібліятэка № 2”