Штогод у краіне праходзіць конкурс чытальнікаў “Жывая класіка”. Ён праводзіцца ў чатырох узроставых катэгорыях ( 1-4 класы, 5-6, 7-8, 9-10). Вучні з задавальненнем прымаюць у ім удзел. На гэты раз выпрабаваць свае сілы вырашыў Аляксей Курман, вучань 6 “Б” класа сярэдняй школы № 2 Слоніма.

Твор для дэкламацыі Янкі Сіпакова “Прамова ў Ляўках” быў выбраны невыпадкова, бо менавіта ў гэтым годзе святкуецца 140-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы.
Аляксей стаў пераможцам школьнага этапу конкурсу, затым раённага, абласнога. 23 жніўня праводзіўся заключны этап конкурсу ў г. Мінску. Аляксей атрымаў Дыплом 3 ступені. У інтэрв’ю для канала СТВ Аляксей Курман пра сябе паведаміў наступнае: “Я вельмі люблю сваю краіну. Мы з бацькамі часта наведваем памятныя мясціны Беларусі падчас розных вандровак. Мне падабаецца пазнаваць цікавыя факты і даведвацца больш пра сваю Беларусь, паглыбляцца ў яе гісторыю і спазнаваць адметнасці самабытнай культуры, такой разнастайнай і непаўторнай. Я паважаю беларусаў за іх высокія ідэалы дабра, гасціннасці і павагі да iншых народаў.
Ганаруся, што ў маёй краіне ёсць славутыя класікі літаратуры Янка Купала, Якуб Колас і Максім Багдановіч. Я наведаў гэтым летам Купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі”. Менавіта тут у беларускае народнае свята “Купалле” паэт Янка Сіпакоў звяртаецца да Янкі Купалы ў вершы “Прамава ў Ляўках”. Ён кажа, што нягледзячы на тое, што наш народ у мінулым перажыў нямала бед, мы жывём і квітнеем, захоўваючы нашы духоўныя каштоўнасці. І я веру, што беларуская культура, гісторыя, беларускі народ будуць жыць і квітнець, пакуль жыве наша родная мова”.
Аляксей прыняў удзел у гала-канцэрце падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Добрушы.
Віншуем Аляксея Курмана з перамогай, жадаем далейшых поспехаў!

Ірына Захарчук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Слоніма”

Поделиться
Перейти к содержимому