Сёлета Гродна зноў прыме заключныя мерапрыемствы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, якія запланаваны на першыя выхадныя чэрвеня.
Па традыцыі задоўга да самога свята горад, асноўныя ўезды ў яго будуць упрыгожаны вялікімі банерамі, расцяжкамі і стэндамі-запрашэннямі на фестываль. На іх можна будзе пабачыць адноўлены сімвал, пазнавальны цвецік-семіцвецік.
Выява кветкі ўсім добра памятаецца рознакаляровымі пялёсткамі. А сёлета іх упрыгожылі арнаменты, што яднае кветку з яшчэ адным фестывальным сімвалам – буслом, на крылах якога таксама ёсць арнамент. Як расказаў мастак-дызайнер Юрый Кубараў, кожны пялёстак адлюстроўвае арнамент пэўнай групы народаў, што традыцыйна бяруць удзел у фестывалі.
– Так, да прыкладу, ёсць скандынаўская, прыбалтыйская, славянская групы, цюркскія народы. Паколькі пялёсткі былі канкрэтнага колеру, узор таксама падбіраўся ў гэтай гаме, – зазначыў Юрый Кубараў.
Самая разнастайная сувенірная прадукцыя, банеры, запрашэнні, праграмы – новы і пазнавальны цвецік-семіцвецік з’явіцца шмат на якіх аб’ектах. Да таго ж, як распавялі ў аддзеле культуры гарвыканкама, абмяркоўваецца пытанне, каб змясціць выяву фестывальнай кветкі на этыкетках харчовых тавараў, што выпускаюцца на Гродзеншчыне.
Таццяна Мастоўская
“ГП”