Напярэдадні вясновых канікул у сценах ДУА «Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна» прайшоў штогадовы конкурс сачыненняў і ўласных нататак пад дэвізам «Бяспечная дарога». Вучні прадэманстравалі свой пісьменніцкі талент, выдатнае валоданне роднай мовай. Чытайце найлепшыя работы Узакбаевай Хрысціны і Будзёнай Юліі на старонках нашага выдання.

«Мой родны край! Парэзалі цябе вузкія дарогі, чорныя сцежкі… Грыміць па карэннях цялежка, мігацяцца стракатыя верставыя слупы, мігаюцца, пахіліўшыся, аброслыя мохам хваёвыя крыжы паабапал дарогі; бягуць лясы, гаі, мяняюцца палі, грамадзяцца горы, рассцілаюцца шырокія лугі, блішчаць азёры, срэбрам пераліваюцца рэкі, золатам рассыпаюцца пяскі, глыбокімі зялёнымі ямамі раскідаюцца  балоты…

І куды ты нясеш мяне, няведамая дарога?» Такім лірычным адступленнем пачынае Якуб Колас свае «Думкі ў дарозе», адзначаючы незвычайную ўладу дарогі  над чалавекам, адзінокім падарожнікам, падкрэсліваючы яе вырашальныя магчымасці ў вызначэнні чалавечага лёсу.

І сёння, амаль праз стагоддзе, дарога таксама адкрывае прагным людскім вачам новыя абрысы свету, круціцца, уецца шэраю, асфальтаванаю  ніткаю ўсё далей і далей, толькі нясуцца па ёй ужо не коні, а імклівыя аўтамабілісты. Куды нясуцца?

На дарозе, як і ў жыцці, ёсць свае правілы этыкету. І гэта не дзіўна, таму што для многіх людзей дарога і ёсць жыццё. Незвычайнае супастаўленне атрымліваецца: жыццё – дарога, дарога – жыццё… Але інакш не скажаш.

Усе мы, удзельнікі дарожнага руху, кудысьці спяшаемся – на аўтобус, час адпраўлення якога ўжо адлічваецца штохвілінна, да сябра на дзень нараджэння, на першае спатканне, рамантычнае, трывожнае, у госці да дзяцей, бацькоў, якіх даўно не бачыў, сумаваў. Зразумела, што ў гэтыя хвіліны транспарт дапамагае нам наблізіць шчаслівае імгненне сустрэчы з роднымі, своечасова дастаўляе на месца працы, у школу. Але, на жаль, бываюць моманты, калі ён уяўляе небяспечнасць для жыцця чалавека, таму на дарозе павінны ўладарыць узаемадапамога і ўзаемапавага.  Нам неабходна навучыцца думаць не толькі аб сабе, але і аб усіх удзельніках дарожнага руху: аб дзецях-школьніках, жанчынах з каляскамі, людзях сталага ўзросту, аб іншых вадзіцелях.

Уступіце дарогу, праявіце далікатнасць, будзьце выхаванымі людзьмі, не нярвуйцеся,  будзьце спакойнымі, разважлівымі. А калі ўжо так здарылася, віноўны вы ці выпадковы сведка, – дапамажыце тым, хто трапіў у складаную сітуацыю на дарозе!

У любым выпадку заставайцеся Чалавекам. Заўтра дапамогуць вам, вашым дзецям ці ўнукам, бацькам. «За дабро адплачвайце дабром», – вучыць біблейская запаведзь. Гэта і ёсць няпісаны закон дарожнага этыкету.

Мне часта даводзіцца назіраць, як людзі пераходзяць дарогу не па пешаходным пераходзе, паводзяць сябе жахліва на дарозе, як веласіпедысты і матацыклісты, не звяртаючы ўвагі на правілы дарожнага руху, імкнуцца выканаць які-небудзь лоўкі і эфектны прыём, трук на шашы, як імчацца ўзбуджаныя, ашалелыя  вадзіцелі, не заўважаючы ні  колеру светлафора, ні  людзей. Усё гэта выклікае ў маёй свядомасці жудасць і непаразуменне. Так і хочацца выкрыкнуць услед, што месца для пачынаючых каскадзёраў – спартыўная зала, а не дарога! Няўжо гэтыя людзі не здагадваюцца, што падвяргаюць небяспецы ўласнае жыццё, а таксама жыццё іншага чалавека, людзей ?!

Напэўна, кожны з іх думае, што хтосьці іншы, а не ён сам павінен дзейнічаць у адпаведнасці з нормамі дарожнага этыкету, думае, што ўсё абыдзецца. А бывае, што і не абыходзіцца… Здавалася б – самы банальны выпадак: пешаход ішоў па праезджай частцы, а вадзіцель ехаў «зусім не павольна», вось, па сутнасці, і ўсё, што неабходна для жахлівага здарэння, няшчасця… Гора для ўсіх, хто яго ведаў, хто з ім сябраваў, але гэтае гора нішто ў параўнанні з далейшым лёсам яго сям’і.  Так  чалавечы лёс супрацьпастаўляе сінанімічныя, здаецца, паняцці: жыццё – дарога, дарога – жыццё…

На маю думку, дарожны этыкет абавязковы для ўсіх – і для пешаходаў, і для вадзіцеляў. Кожны грамадзянін нашай краіны павінен ведаць правілы дарожнага руху, таму што ад гэтага залежыць яго жыццё і бяспечнасць. Давайце будзем культурнымі і выхаванымі, давайце прытрымлівацца норм паводзін не толькі ў грамадскіх месцах, але і на дарогах! Асабліва на дарогах! Дарога і ёсць жыццё, будучае…

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць, –

Тварыць!

Анатоль Вярцінскі

 

Невыдуманая гісторыя

Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш.

                                                                 Прыказка

Хлопцы ляжалі на беразе ракі, на пясчанай касе. Грэлі спіны на стомленым ласкавым сонейку. Слухалі, як ззаду плешчацца і журчыць вада, а наперадзе, на адхоне, шалясціць лазняк. Хлопцы займаліся адным: ляніва падграбалі пад сябе цёплы, вымыты ракой да белізны пясок і марылі. Кожны аб нечым сваім, асабістым.

Рачныя ластаўкі, што гняздзіліся ў абрыве, крыкліва лёталі ў паветры, быццам адчувалі трывогу, папярэджвалі пра набліжэнне бяды…

Сябры, я бачыў у трыснягу закінуты човен, айда катацца! – раптам ускочыўшы на ногі, прапанаваў Дзімка, самы старэйшы сярод дружнай кампаніі аднавяскоўцаў.

Гарачае надвор’е як нельга дарэчы схіляла да водных працэдур, пагэтаму, не раздумваючы, усе навыперадкі кінуліся да ракі.

А човен крыху дзіравы! – ацаніў знойдзены транспарт Сяргейка.

Ты заўсёды прыдзіраешся, напэўна, баішся, таму што плаваць не ўмееш, – гучна зарагатаў Сашка.

А вось і ўмею, – прабубнеў Сярожа, якому было сорамна прызнацца, што ён сапраўды не вельмі добра ўмее плаваць, і настойліва дадаў: – Усё роўна без выратавальных жылетаў на лодцы катацца нельга. Я лепш пайду паныраю.

І Сяргейка дэманстратыўна накіраваўся ў бок драўлянага мосціка. На сяброў ён не глядзеў, але ўсім сваім целам адчуваў, што хлопчыкі сочаць за ім. Змайстраваны рыбакамі мосцік вельмі добра быў бачны з абрывістага берага, і Сяргей ведаў, што сябры з вялікім нецярпеннем будуць чакаць яго “скачка ластаўкай”. Калі б не гэта выхвалянне перад таварышамі, ён ні за што не рашыўся б скакаць з вышыні, тым больш што дакладна не ведаў, якая ў гэтым месцы глыбіня, і чуў ад бацькі, што тут няроўнае і бруднае дно. “Узяўся за гуж – не кажы, што не дуж, паспрабую”, – вырашыў юны аматар вострых адчуванняў.

Сярожа заняў зыходную пазіцыю і …рыбкай скокнуў уніз. Раздаўся гучны “бультых”. Гледачы замерлі ў чаканні. Але прайшло ўжо некалькі дзясяткаў секунд, а нырэц так і не паказаўся з вады. Па натоўпе прабег трывожны шэпт.

А ну, разыдзіцеся! – пачулася ззаду. Адзін з дарослых, які адпачываў на пляжы, заўважыўшы, што адбываецца няладнае, кінуўся на дапамогу. Пачуўся яшчэ адзін усплёск – і праз імгненне выратавальнік вынырнуў разам з пацярпелым, у якога на галаве сачыліся кропелькі крыві. Стала зразумела, што пры скачку Сяргейка ўдарыўся аб штосьці вострае і атрымаў траўму.

Перапалоханыя сябры як укапаныя глядзелі на тое, што адбывалася: яны ўжо і думаць забылі пра неверагоднае падарожжа на дзіравым чоўне.

Рана была неглыбокая, таму Сяргейка хутка пайшоў на папраўку. Але гэтая невыдуманая гісторыя магла мець зусім іншы фінал. Трагічнае здарэнне паслужыла для хлопчыка і яго сяброў яшчэ адным жыццёвым урокам, як неабходна асцерагацца вады. Як кажуць людзі, на сваіх памылках вучышся.

 

 

 

Поделиться
Перейти к содержимому