Сталейшае пакаленне выхоўвалася на цвёрдай упэўненасці ў тым, што кніга – невычэрпная крыніца ведаў і мудрых думак. Цяперашняе стагоддзе – стагоддзе новых тэхналогій. І ні для каго не сакрэт, што сучасныя дзеці і падлеткі чытаюць мала. У моладзі цяперашняга часу іншыя захапленні і інтарэсы. Як павярнуць дзяцей да кнігі?

Гэтая праблема ў Жыровіцкай СШ вырашаецца з выкарыстаннем актыўных форм работы. Пра адну з такіх форм і хочацца расказаць.

Напярэдадні дня бібліятэк (15 верасня) школьная бібліятэка запусціла акцыю БУККРОСІНГ.

  ДАВЕДКА. Буккросінг – гэта міжнародны рух, які заснаваны ў 2001г. Перакладаецца як “рух кніг” і азначае працэс “прачытаў – перадай іншаму”. Інакш кажучы, буккросінг – свабодны кнігаабмен.

Настаўнікам, вучням і іх бацькам было прапанавана паўдзельнічаць у названай вышэй акцыі. Актыўных удзельнікаў чакалі сюрпрызы.

Акцыя праходзіла ў 2 этапы на працягу амаль двух тыдняў і яе сутнасць складалася ў наступным:

– на 1 этапе кожны жадаючы прыносіў свае кнігі ў бібліятэку, каб іншыя маглі прачытаць іх. Кнігу можна было суправаджаць невялікай анатацыяй выгляду «Вы проста абавязаны прачытаць гэтую кнігу, паколькі …», «Гэтая выдатная кніга дапаможа вам …» і г.д.

– на 2 этапе ўсё прынесеныя кнігі былі выстаўлены ў фае школы. Кожны жадаючы мог узяць кнігу, пачытаць і паставіць на месца, пакінуўшы ў спецыяльным сшытку невялікі водгук.

Падводзячы вынікі можна казаць аб тым, што акцыя сваёй мэты дасягнула. За тыдзень па школе «перамяшчаліся» 43 кнігі, прынесеныя навучэнцамі, бацькамі і педагогамі. Магчыма, гэта не такая вялікая лічба, але яна значная для сельскай школы, а для кожнай прачытанай кнігі – тым больш.

Самымі актыўнымі ўдзельнікамі буккросінгу ў Жыровіцкай СШ сталі вучні 2, 3 і 4 класаў, а таксама асобныя навучэнцы 6 і 7 класаў. Як і абяцалася, усе удзельнікі атрымалі прызы: пасведчанне ўдзельніка акцыі пад подпісам дырэктара школы Апановіч Святланы Генадзіеўны і невялікія сувеніры.

У гэтыя дні і бібліятэка Жыровіцкай СШ, і кнігі “гучалі” па-новаму!

Алена Міхайлаўна Плюта, настаўнік пачатковых класаў, бібліятэкар Жыровіцкай СШ

Поделиться
Перейти к содержимому