У складзе дэлегацыі паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, аўтары і выканаўцы песень.

0W1A6355.JPG

Наш рэгіён прадстаўляюць на маштабным мерапрыемстве 12 чалавек.

– Кожны год дэлегацыя Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўдзельнічае ў гэтым свяце, бо яно галоўнае для пісьменнікаў, выдаўцоў кніг. Там нас заўсёды чакае шмат выставаў і сустрэч з калегамі. Для такой важнай імпрэзы падрыхтавалі сваю праграму. На гэты раз яна называецца «Наша слова – незалежнай Беларусі», – расказала старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч. – Будзем чытаць вершы і спяваць, бо сярод нашых пісьменнікаў ёсць паэты-песеннікі, добрыя выканаўцы, напрыклад, вядомы ў Беларусі і Расіі Андрэй Татур. І, канешне, будзем прэзентаваць кнігі.

Паказаць нашым творцам ёсць што – за сем месяцаў яны выдалі 34 аўтарскія зборнікі. Людміла Кебіч зазначае, што такой колькасці работ яшчэ ніколі не было. Да канца года кніг будзе каля 40, а то і болей.

У складзе дэлегацыі паэты, празаікі, дзіцячыя пісьменнікі, аўтары і выканаўцы песень, публіцысты з розных куткоў вобласці. У Івацэвічы прыехалі паэтка Таццяна Яцук з Навагрудскага раёна, лаўрэат прэміі імя Цёткі, якая выдала сёлета зборнік вершаў, а таксама Людміла Шаўчэнка з Гродна, лаўрэат прэміі імя Дубко. Да вялікай культурнай падзеі далучыліся дзіцячая пісьменніца, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Ганна Скаржынская-Савіцкая, пераможца конкурсу паэзіі на фестывалі “Вытокi” Ірына Войтка са Слоніма і Тамара Мазур са Скідзеля, лаўрэат прэміі імя Багдановіча.

Прадстаўляюць прынёманскі край і маладыя аўтары, якія пакуль яшчэ не так вядомыя ў нашай краіне, але заваявалі моцную рэпутацыю ў літаратурных колах рэгіёна. У дэлегацыю ўвайшлі пераможца шматлікіх рэспубліканскіх і абласных конкурсаў Вольга Алізар і Юлія Раманюк, якая сёлета стала лаўрэатам конкурсу імя Максіма Багдановіча ў намінацыі “Адкрыццё года”.

– Праграма як і заўсёды, вельмі насычаная. Асноўны акцэнт на 80-годдзі вызвалення Беларусі і 90-годдзі Саюза пісьменнікаў. Здзівім новымі імёнамі і творамі, – падкрэсліла Людміла Кебіч. – У рамках свята паўдзельнічаем і ў агульным канцэрце Саюза пісьменнікаў Беларусі. 15 чалавек выступяць са сваімі песнямі і вершамі, ад кожнай вобласці свае прадстаўнікі. Я прачытаю свой верш, прысвечаны Радзіме, і выканаю песню ўласнага сачынення пра любiмы Гродна.

У рамках свята пройдзе фестываль кнігі і прэсы. Будуць прадстаўлены чатыры тэматычныя павільёны: выстаўкі “Сучасная Беларусь”, “Беларусь памятае” і “Зроблена ў Беларусі”, на якіх прадстаўлены пераможцы нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, а таксама інтэрактыўная пляцоўка “Слова пісьменніка”, дзе пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі, творчыя сустрэчы з аўтарамі, членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

– На мерапрыемстве знаёмімся з новымі імёнамі, маем зносіны са старымі калегамі і сябрамі, вывучаем, з якой тэматыкай працуюць аўтары, каб ведаць, чым у наступным годзе здзіўляць, – распавяла Людміла Кебіч. – Для маладых аўтараў гэтае свята асабліва карыснае, яны заўсёды з вялікай цікавасцю слухаюць выступленні мэтраў. З радасцю акунемся ў гэтае кніжнае свята і нацешымся літаратурным каларытам рэгіёнаў.

У час святкавання Дня беларускага пісьменства падвядуць вынікі конкурсу, прысвечанага беларускай паэтцы Яўгеніі Янішчыц. Ужо вядома, што кнігі аўтараў Гродзенскай вобласці – у ліку прызёраў у некалькіх намінацыях. Нашы пісьменнікі заваявалі два першыя, другое і трэцяе месцы.

ГП
Поделиться
Перейти к содержимому