У пятніцу, 26 чэрвеня, браты капуцыны, а таксама супрацоўнікі і валанцёры дабрачыннага таварыства Caritas прывезлі з Мінску ў Слонім гуманітарную дапамогу — сродкі індывідуальнай аховы, прызначаныя для ўрачоў і медыцынскага персаналу Слонімскай ЦРБ.

Рэспіратары, ахоўныя касцюмы, аднаразовыя медыцынскія пальчаткі, ахоўныя халаты, бахілы, шчыты ахоўныя для твару, бескантактныя тэрмометры, імпульсныя аксіметры —  закупленыя амаль на пяць тысяч еўра — усё гэта было перададзена ў інфекцыйнае аддзяленне.
— Пандэмія, вірус – гэта рэчы, якія ад нас не вельмі залежаць, але грамадства знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі, таму ў першую чаргу трэба дапамагчы тым, хто клапоціцца пра хворых людзей, — расказаў Алег Шэнда, кіраўнік братоў капуцынаў у Беларусі, які разам з братамі прывёз гуманітарную дапамогу.

На пытанне, чаму дапамогу прывезлі менавіта ў Слонім, ён адказаў, што ўжо больш за дваццаць гадоў браты капуцыны прысутнічаюць і ў Слоніме, апошнія часы ў касцёле святога Андрэя.
— Таму хацелася дапамагчы там, дзе знаходзяцца нашы браты, і тым людзям, з якімі яны супрацоўнічаюць у сваёй пастарскай дзейнасці.
Таццяна ДЗЕНІСЮК

Поделиться
Перейти к содержимому