Цікавым і займальным стаў вусны часопіс “Беларусь – наша Радзіма” для навучэнцаў 5 класа ДУА “Касцянёўская базавая школа Слонімскага раёна”, прысвечаны Году народнага адзінства. Змястоўная і захапляльная віртуальная экскурсія класнага кіраўніка Куляшовай Наталлі Аляксееўны пазнаёміла з самымі цікавымі фактамі з гісторыі нашай краіны, галоўнымі сімваламі дзяржавы — Гербам і Сцягам, Гімнам і Канстытуцыяй. Юныя беларусы падрыхтавалі невялікія замалёўкі пра традыцыі і культуру нашага народа, асаблівасці беларускай кухні, адзення. Не пакінулі абыякавымі і прыведзеныя звесткі пра тое, як жылі нашы продкі, чым яны займаліся, якімі рэчамі карысталіся ў гаспадарчым і хатнім побыце, якія традыцыі яны пакінулі нам, сваім нашчадкам. Настаўнік дапамог навучэнцам не толькі паглыбіць веды па гісторыі роднай зямлі, але і ўпрыгожыў вусны часопіс паэтычнымі радкамі, сур’ёзнымі і вясёлымі гісторыямі, народнымі прыкметамі і парадамі, прымаўкамі і прыказкамі, загадкамі. Беларускі народ ганарыцца каранямі сваёй культуры, якія ідуць у глыбіню вякоў, народнымі промысламі, абраднасцю. Таксама гонарам краіны з’яўляецца народны фальклор: песні, танцы, гульні, казкі, легенды, загадкі, прыказкі і прымаўкі, якія дайшлі да сучаснасці, практычна не змяніўшыся. Наталля Аляксееўна яшчэ раз падкрэсліла: назва мерапрыемства “Беларусь – наша Радзіма” азначае, што для паспяховага развіцця і росквіту нашай Радзімы неабходна адзінства ўсяго грамадства.
А каб замацаваць атрыманыя веды, вучні паўдзельнічалі ў віктарыне “Наша Беларусь”. Напрыканцы мерапрыемства навучэнцы напісалі пажаданні роднай Беларусі, разам з настаўніцай зрабілі выснову, што каб быць спраўдным патрыётам сваёй краіны, трэба клапаціцца пра яе, добра вучыцца, руплівай працай паляпшаць яе дабрабыт.
Куляшова Наталля Аляксееўна – педагог, які выконвае функцыянальныя абавязкі класнага кіраўніка 5 класа