8 красавіка на першым паверсе Цэнтра культуры і адпачынку адкрылася выставачная зала “Ад мінулага да сучаснага”. Там прадстаўлены не толькі каля 200 этнапрадметаў, сабраных супрацоўнікамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры за амаль 20 гадоў, але і цудоўныя вырабы майстроў-рамесленікаў с розных куточкаў Слонімшчыны.

Трэба адзначыць, што частка выстаўкі – гэта экспанаты раённага конкурсу дэкаратыўна-прыкладных жанраў «Побач з сучаснасцю – мінулае», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На святочнае адкрыццё запрасілі аматараў народнай творчасці, майстроў-аднадумцаў, якія словам і справай дапамагалі выстаўцы «нарадзіцца», а таксама школьнікаў сярэдняй школы № 5 – маладых прыемнікаў слаўных традыцый беларускага народа.

«Наша  дзяржава шмат увагі надае захаванню нацыянальнай культуры. І гэта вельмі важна менавіта для слонімская зямлі, дзе ёсць таленавітыя і самабытныя майстры, якія сваёй працай не толькі не даюць рамёствам быць забытымі, але і перадаюць веды сваім вучням. Адкрыццё гэтай залы – таксама крок да захавання самага галоўнага – народнай душы», – адзначыла начальнік аддзела культуры райвыканкама Галіна Васільеўна Данільчык.

Загадчык аддзела культуры, народнай творчасці і рамёстваў Анастасія Зелянко правяла для дзецей першую экскурсію на невялічкай зале, пазнаёміла з прадметамі побыту – гісторыя некаторых з іх налічвае больш за сто гадоў. Хлопчыкі і дзяўчынкі на свае вочы пабачылі рэчы,  сабраныя падчас этнаэкспедыцый па вёсачках нашага раёна – гліняныя збанкі, чыгункі, розныя прасы, калаўроты, ночвы, матавіла, трапалку, ручнікі, дываны і шмат чаго яшчэ. Майстры аддзела Іна Пацынка і Алена Міхед правялі пазнавальныя майстар-класы па ткацтву на кроснах, прасаванню льнянога саматканага палатна поцягам, навіванню ніткі на цэўку, а таксама прапанавалі дзецям пазнаёміцца з землякамі, якія сваімі рукамі ствараюць сапраўдныя шэдэўры з керамікі, травы, паперы, саломкі, скуры, тканіны і дрэва.

 

Алена ЮШКЕВІЧ

 

 

Поделиться
Перейти к содержимому