“Занімай, Беларусь, маладая мая, свой пачэсны пасад між народамі!” Гэтыя словы з праграмнага верша класіка роднай літаратуры Янкі Купалы можна смела лічыць лейтматывам усіх святочных мерапрыемстваў, якія былі арганізаваны работнікамі культуры Слонімшчыны 17 лістапада.
Дзень выбараў – клопатны працоўны дзень для работнікаў культуры, якія ў гэты час былі моцна запатрабаваныя на шматлікіх участках для галасавання. Для людзей жа, якія прыходзілі на ўчасткі, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак, гэта неблагая нагода для таго, каб сустрэцца і пагутарыць, абмяняцца навінамі і, магчыма, нават сустрэць даўніх сяброў ці суседзяў, з якімі ў паўсядзённым жыцці часта бачыцца не выпадае.
Пра культурную частку вольнага часу ў нядзелю, 17 лістапада, паклапаціліся культработнікі Слоніма і Слонімскага раёна. Святочныя праграмы або канцэрты, прысвечаныя дню выбараў, а калі глыбей, то – роднай Беларусі і нашай надзеі на яе лепшую будучыню, адбыліся ва ўсіх аграгарадках Слонімшчыны. Усе святы прайшлі на адной светлай, урачыстай ноце.
ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”